Гандбалісткі БНТУ-БелАЗа перамаглі «Гомель» у матчы чэмпіянату Беларусі
Гандбалісткі БНТУ-БелАЗа адолелі «Гомель» у хатнім матчы чэмпіянату Беларусі і захавалі шанцы на залатыя медалі. Паядынак двух прэтэндэнтаў на чэмпіёнскі тытул на паркеце сталічнага Дома гандбола атрымаўся на рэдкасць упартым. У першай палове больш паспяховей былі гамяльчанкі, якія сышлі на перапынак з перавагай у два мяча – 15:13. У другой палове гаспадыні здолелі дагнаць суперніц і ў канцоўцы вырвалі перамогу з мінімальнай розніцай у ліку – 31:30. Самымі выніковымі сталі Марыя Канавал з БНТУ-БелАЗ і Наталля Коціна з «Гомеля», якія закінулі па 10 мячоў. У вырашальным матчы за золата гэтыя каманды сустрэнуцца 17 траўня ў Гомелі. Прычым гомельскіх гандбалістак задаволіць нават нічыя, а іх суперніцам патрэбна толькі перамога. Як паведамлялася, выканкам Беларускай федэрацыі гандбола вырашыў датэрмінова завяршыць мужчынскі чэмпіянат краіны. Гэта звязана з пандэміяй каронавіруса і рэкамендацыямі Еўрапейскай федэрацыі гандбола. Чэмпіёнам Беларусі ў 12-ы раз стаў Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова, срэбра ў менскага СКА, бронза дасталася магілёўскаму клубу «Машэка».
Азаранка трапіла ў топ-5 наймацнейшых тэнісістак апошніх 10 гадоў
Вікторыя Азаранка трапіла ў топ-5 наймацнейшых тэнісістак апошняга дзесяцігоддзя па колькасці набраных балаў. Рэйтынг падрыхтавала Жаночая тэнісная асацыяцыя. У беларускі ў 2010-2020 гадах 39235 ачкоў і пятае месца. У гэты перыяд Азаранка была першай ракеткай свету, стала алімпійскай чэмпіёнкай, двойчы перамагала ў турнірах Вялікага шлему. Топ-5 ачольвае амерыканка Серэна Уільямс – 66308 балаў. Што да «рэальнага» рэйтынгу, то ён «замарожаны». Лідыруе аўстралійка Эшлі Барці, Арына Сабаленка на 11-м месцы (у рэйтынгу дзесяцігоддзя яе па аб’ектыўных прычынах няма нават у першай дваццатцы), Вікторыя Азаранка – на 58-м, Аляксандра Сасновіч – на 119-м, Вольга Гаварцова – на 135 месцы.
Паўабаронцу «Нёмана» правяралі ў Менску на каронавірус
Грузінскага паўабаронцу гарадзенскага «Нёмана» Гіоргі Кантарыю правяралі ў Менску на каронавірус. Як паведамляе прэс-служба футбольнага клуба, у дзень гульні з БАТЭ, у яго паднялася тэмпература. Кантарыю завезлі ў сталічны шпіталь, дзе ізалявалі і пачалі правяраць. Ад таго часу футбаліст знаходзіўся ў Менску. «Былі зроблены два тэсты на COVID-19, якія двойчы далі адмоўны вынік, – паведамляе прэс-служба «Нёмана». Цікава, што нядаўна быў перанесены матч 9-га тура чэмпіянату Беларусі ў вышэйшай лізе, у якім 15 траўня ў сталіцы на стадыёне «Трактар» павінны былі гуляць «Мінск« і «Нёман». Прычына аднак была не ў Кантарыі. Паведамлялася, што падазравалі каронавірус у аднаго з гульцоў «Мінска», яму рабілі тэст. Пра вынікі пакуль нічога невядома. «Нёман». замест перанесенага матчу правядзе спарынг са сваімі дублёрамі. Паядынак пройдзе 14 траўня на ЦСК «Нёман». Пачатак сустрэчы – у 18.00.
Чэмпіянат Італіі адновіцца 13 чэрвеня
Клубы італьянскай серыі «А» прагаласавалі за аднаўленне чэмпіянату 13 чэрвеня. Дата вызначана ў адпаведнасці з рашэннямі ўрада Італіі і медыцынскімі пратаколамі аб абароне гульцоў. З 4 траўня ў Італіі дазволілі індывідуальныя трэніроўкі, з 18 дазволеныя групавыя заняткі. Варта адзначыць, што ў Італіі, у адрозненне ад нямецкага варыянту, жорсткі медыцынскі пратакол, які прадугледжвае прыпынак турніру нават у выпадку адзінага выпадку заражэння. Італьянскія клубы прапаноўвалі ўзяць за аснову нямецкі пратакол, але навуковы камітэт палічыў яго недастаткова бяспечным, адзначае сайт серыі «А».
Кажэўнікаў: у Менску хакейнае кіраўніцтва гуляе не ў хакей, а ў іншыя гульні
Двухразовы алімпійскі чэмпіён Аляксандр Кажэўнікаў у інтэрвʼю russia-hockey.ru падзяліўся меркаваннем аб праблемах менскага хакейнага «Дынама». – Калі бюджэты невысокія, вельмі важная якасная трэнерская праца, тут добры прыклад – леташні «Адмірал». На жаль, у Рызе ці Менску з гэтай працай у апошнія гады праблемы, таму латвійская і беларуская каманды – апошнія ў КХЛ. Ужо шмат гадоў не разумею, што адбываецца ў Менску. Там прыстойная па складзе каманда, цудоўныя заўзятары, выдатная арэна. Але паўночнаамерыканскія трэнеры загналі «Дынама» ў пастку. Ужо казаў кіраўнікам клуба аб тым, што ім патрэбны добры расейскі трэнер. Вельмі шкада, што ў Менску хакейнае кіраўніцтва гуляе не ў хакей, а ў іншыя гульні, – сказаў Кажэўнікаў. Нагадаю, «Зубры», набраўшы 39 ачкоў у 62 гульнях, занялі ў гэтым сезоне апошняе месца ў КХЛ, пабіўшы мноства антырэкордаў.
Беларускае Радыё Рацыя