Гандбалісткі „Гомеля” чацвёрты раз сталі чэмпіёнкамі Беларусі
У вырашальным паядынку за залатыя медалі на пляцоўцы гомельскага Палаца гульнявых відаў спорту падначаленыя Томажа Чатэра ўпэўнена перайгралі гандбалістак БНТУ-БелАЗа з лікам 29:27. Самымі выніковымі сталі гамяльчанка Наталля Коціна і менчанка Марыя Канавал, якія закінулі па 7 мячоў. Уладальніцамі бронзавых узнагарод сталі гандбалісткі „Гараднічанкі” з Гародні, спартоўкі „Бярэсця” замкнулі квартэт наймацнейшых. У мужчын чэмпіёнам Беларусі 12-ы раз стаў Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова, срэбра ў менскага СКА, бронза дасталася магілёўскаму клубу „Машэка”.
„Рух” і „Смалявічы” згулялі ўнічыю ў 9-м туры футбольнага чэмпіянату Беларусі
Футбалісты берасцейскага „Руху” згулялі ўнічыю са „Смалявічамі” ў хатнім матчы 9-га тура чэмпіянату Беларусі 0:0. Футбалісты бабруйскай „Белшыны” на сваім полі таксама разышліся мірам з „Віцебскам” – 1:1. Менскае „Дынама” прымала на сваёй арэне „Іслач” і выйграла з лікам 1:0. Адзіны мяч у гэтай сустрэчы забіў Іван Бахар, які вызначыўся на зыходзе гадзіны гульнявога часу. БАТЭ (Барысаў) – „Слуцк” – 3:0, „Тарпеда-БелАЗ” (Жодзіна) – „Гарадзея” – 3:1, „Энергетык-БДУ” (Менск) – „Дынама” (Берасце) – 2:1, „Шахцёр” (Салігорск) – „Славія” (Мазыр) – 2:0. Матч паміж „Мінскам” і гарадзенскім „Нёманам” перанесены на больш позні тэрмін. На першым месцы ў турнірнай табліцы барысаўскі БАТЭ, які мае 19 ачкоў, „Тарпеда-БелАЗ” і „Энергетык-БДУ” набралі па 18 балаў.
Вызначыліся ўсе ўдзельнікі 2-га раўнда Кубка Беларусі па футболе
Адбыліся стартавыя паядынкі новага розыгрышу Кубка Беларусі па футболе. Самым напружаным атрымаўся матч, у якім футбалісты „Полацка-2019” прымалі „Маладзечна 2018.”. Пасля асноўнага і дадатковага часу была зафіксавана нічыя – 2:2, а ў зацяжной серыі пенальці поспех быў на баку палачан — 10:9. Таксама пасля серыі пасляматчавых пенальці ў наступны раўнд прабіўся пінскі „Стэнлес”, які адолеў у гасцях мазырскі „Мантажнік”. У гульнявы час каманды разышліся мірам – 1:1, а пенальці лепш прабілі пінскія футбалісты – 5:4.
Вынікі астатніх сустрэч: „Новая Прыпяць” (Альшаны) – „Днепр” (Рагачоў) – 4:2, „Спарта” (Ваўкавыск) – „Баранавічы” – 1:4 (у дадатковы час), „Будаўнік” (Капыль) – „Івацэвічы” – 2:1, „Спартак” (Шклоў) – „Вікторыя” (Мар’іна Горка) – 2:0, „Асіповічы” – „Альфа” (Менск) – 3:1, БДУ (Менск) – „Жлобін” – 3:1, „Чайка” (Зэльва) – „СМІ-Аўтатранс” (Смалявічы) – 0:4.
Лёсаванне 2-га адборавага раўнда Кубка Беларусі пройдзе сёння, 18 траўня.
„Дарожнік” стаў апошнім чвэрцьфіналістам чэмпіянату Беларусі па міні-футболе
Менскі „Дарожнік” стаў апошнім удзельнікам чвэрцьфінальнай стадыі чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. У заключным матчы 1/8 фіналу каманда Валерыя Дасько разграміла на сваёй пляцоўцы аўтсайдэра нацыянальнага першынства „Шчучын” з лікам 7:2. У іх першай гульні менчане таксама былі мацнейшыя – 7:4. У барацьбе за выхад у паўфінал „Дарожнік” двойчы сустрэнецца з гомельскім ВРЗ. Астатнія чвэрцьфінальныя пары склалі: „УУС-Дынама” (Гародня) – БЧ (Гомель), „Барысаў-900” – „Сталіца” (Менск) і ЦКК (Светлагорск) – „Вітэн” (Орша). Чвэрцьфінальныя сустрэчы запланаваны на 21 і 24 траўня.
Футбалісткі „Дынама-БДУФК” дагналі лідараў жаночага чэмпіянату Беларусі
Сваю трэцюю запар вікторыю падначаленыя Юрыя Малеева святкавалі ў сябе дома, разграміўшы выхаванак Берасцейскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву (БОЦОР) з лікам 10:0. У іншым матчы „Бабруйчанка” на сваім полі згуляла ўнічыю з магілёўскім „Дняпром” — 1:1. Раней дзейныя чэмпіёнкі краіны спартоўкі ФК „Мінск” ўпэўнена абыгралі срэбранага прызёра сталічную „Зорку-БДУ” – 4:0. Ўладальніцы бронзы мінулага чэмпіянату спартоўкі гарадзенскага „Нёмана” перамаглі ў сябе дома гасцей з юніёрскай зборнай Беларусі (U-19) з лікам 2:1.
Левандоўскі зноў забіў за «Баварыю»
Пасля паўзы працягласцю больш за 2 месяцы аднавіўся чэмпіянат Нямеччыны. З-за пандэміі каронавіруса матчы будуць праходзіць без гледачоў. У 26-м туры Бундэслігі «Барусія» Дортмунд з буйным лікам абыграла «Шальке» 4:0, «РБ Лейпцыг» страціў ачкі ў матчы з «Фрайбургам» 1:1, «Айнтрахт» быў біты «Барусіяй» з Менхенгладбаха 1:3. «Баварыя» ў нядзелю на выездзе абыграла «Уніан» 2:0 – на 40-й хвіліне голам з пенальці адзначыўся польскі нападнік Роберт Левандоўскі.
Польскі абаронца Оскар Яскевіч перайшоў у „Нёман”
Польскі абаронца Оскар Яскевіч перайшоў у гарадзенскі хакейны клуб „Нёман” і падпісаў аднагадовы кантракт. У мінулым рэгулярным сезоне 23-гадовы гулец абароны набраў 11 (1 + 10) ачкоў у 43 гульнях за польскі клуб „Катавіцэ”, і дадаў 2 (1 + 1) балы ў 6 сустрэчах плэй-оф. Таксама ў актыве Яскевіча 3 (2 + 1) ачкі ў 3 паядынках алімпійскай кваліфікацыі ў складзе зборнай Польшчы, пры паказчыку карыснасці „+2”, перадае belarushockey.com.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя