Гандбалісткі зборнай Беларусі прайгралі Нідэрландам у адборы Еўра-2022



Гандбалісткі зборнай Беларусі прайгралі ў гасцях Нідэрландам на старце адбору Еўра-2022 з лікам 27:38. Матч праходзіў з прыкметнай перавагай гандбалістак нідэрландскай зборнай, якія часцей і разнастайней атакавалі і менш памыляліся, апраўдваючы статус фаварытаў паядынку. У беларусак па шэсць узяццяў брамкі запісалі на свой рахунак Наталля Васілеўская, Дыяна Ільіна і Карына Ежыкава. 10 кастрычніка беларуская зборная згуляе ў гасцях    са зборнай Нямеччыны.

Дубль Гайнедзінава прынёс «Юнацтву» перамогу над «Шахцёрам»

Ягор Гайнедзінаў закінуў па шайбе ў самым пачатку першага і другога перыядаў, а «Шахцёр» так і не змог закінуць Расціславу Зіновенку, які аформіў другі шатаўт у цяперашнім чэмпіянаце. „Юнацтва” абыграла салігорцаў 2:0.

Такім чынам, перапыніўшы міні-серыю з двух паразаў запар, «Юнацтва» вярнулася на верхні радок у турнірнай табліцы. Праўда, «Металург», які адстае на два ачкі, мае гульню ў запасе.

Сасновіч з перамогі стартавала на турніры ў ЗША

Тэнісістка Аляксандра Сасновіч з перамогі стартавала на турніры ў амерыканскім Індыян-Уэлсе. Беларуска, якая займае 100-е месца ў рэйтынгу WTA, упэўнена разабралася з калумбійкай Марыяй Асорыё Серана    – 6:0, 6:4. Яшчэ адна беларуска Вікторыя Азаранка стартуе з 1/32 фіналу. Яе апанентка – Магда Лінэт з Польшчы.

Другая ракетка свету Арына Сабаленка прапускае прадстаўнічы старт з-за каронавіруснай інфекцыі.

Мамашук заняла пятае месца на ЧС па барацьбе ў Нарвегіі

Беларуска Марыя Мамашук заняла пятае месца на чэмпіянаце свету па барацьбе ў Осла. У вазе 65 кг срэбраная медалістка Гульняў у Лондане ў сутычцы за бронзавы медаль саступіла амерыканцы Форэст Эн Малінарп – 1:12.

Футбалісты зборнай Італіі саступілі іспанцам у матчы Лігі Нацый

Футбалісты зборнай Італіі саступілі іспанцам у паўфінальным матчы Лігі нацый з лікам 1:2. Каманда Іспаніі выйшла наперад у першым тайме дзякуючы дублю Ферана Торэса. Задача каманды Раберта Манчыні ўскладнілася пасля таго, як на 42-й хвіліне італьянцы засталіся ўдзесяцёх. Леанарда Банучы сфаліў на Серхіа Бускецы і атрымаў другую жоўтую картку, якая ператварылася ў чырвоную.

На 83-й хвіліне Ларэнца Пелегрыні адквітаў адзін мяч, але на большае скуадры адзурра не хапіла. У фінал Лігі нацый выйшлі іспанцы. Гэта першая параза дружыны Раберта Манчыні з 10 верасня 2018 года, калі яна прайграла Партугаліі ў матчы Лігі нацый 0:1. З тых часоў італьянцы не прайгравалі 37 сустрэч і ўсталявалі новы сусветны рэкорд. Супернік жа іспанцаў па вырашальнай сустрэчы вызначыцца ў матчы паміж зборнымі Бельгіі і Францыі. Матч пройдзе сёння ў Турыне.

Стаў вядомы трэнерскі штаб зборнай на матч з Эстоніяй

Асацыяцыя „Беларуская федэрацыя футбола” вызначылася з трэнерскім штабам зборнай на гасцявы матч адбору чэмпіянату свету з Эстоніяй, які адбудзецца 8 кастрычніка. Галоўны трэнер Георгій Кандрацьеў пакуль застаецца ў Менску, 9 кастрычніка ён здае тэст на каронавірус. І калі ён будзе адмоўны, Кандрацьеў паспее ў Казань на матч зборнай з Чэхіяй, які прызначаны на 11 кастрычніка, паведамляе pressball.by.

Яшчэ напярэдадні АБФФ паведаміла, што часова абавязкі галоўнага трэнера будзе выконваць Алег Радушка. Цяпер жа стала вядома, што яму будуць дапамагаць Дзмітрый Раўнейка, Аляксандр Суліма і Павел Яўсеенка. У складзе беларускай зборнай 24 футбалісты. Яшчэ шэраг гульцоў не змаглі паехаць у Эстонію з-за траўмаў і хваробаў.

Беларускае Радыё Рацыя