Гандбалісты „Кельцэ” замацаваліся на першым месцы групы А Лігі чэмпіёнаў



Гандбалісты польскага „Кельцэ” перамаглі паўночнамакедонскі „Вардар” і замацаваліся на першым месцы ў групе А Лігі чэмпіёнаў. Беларускі легіянер „Кельце” Арцём Каралёк тройчы патрапіў у брамку супернікаў, Уладзіслаў Кулеш закінуў два мячы. Сёння ў гэтай групе французскі „Пары Сен-Жэрмен” прыме на сваёй пляцоўцы партугальскі „Порту”, а венгерскі „Пік” у Сегедзе згуляе з нарвежскім „Эльверумам”. Чэмпіён Беларусі „Мяшкоў Брэст” свой чарговы паядынак павінен быў правесці 25 лістапада дома з нямецкім „Фленсбургам”, але сустрэча была адменена ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй. Тыдзень таму гэтыя сапернікі згулялі ўнічыю ў Германіі – 29:29.

Зборная Нарвегіі па лыжах сышла на каранцін у поўным складзе на этапе Кубка свету

Зборная Нарвегіі па лыжах сышла на каранцін у поўным складзе на этапе Кубка свету ў Руке з-за каронавіруса ў трэнера. Станоўчы тэст 25 лістапада здаў Эйрык Мюр Носум. У яго няма ніякіх сімптомаў захворвання. Астатнія сябры каманды здалі адмоўныя тэсты. Аднак усе змешчаныя на каранцін да таго часу, пакуль не стануць вядомыя вынікі кантрольнага тэсту Носума.

Юрген Клоп назваў дваіх гульцоў, якія пакінуць „Ліверпуль”

Галоўны трэнер „Ліверпуля” Юрген Клоп паведаміў, што ў зімовае трансфернае акно новы клуб прыйдзецца шукаць паўабаронцу Джэрдану Шачыры і нападніку Дзівоку Арыгі. Па дадзеных Express, за 29-гадовага швейцарца і 25-гадовага бельгійца мерсісайдцаў хочуць атрымаць мінімум па 15 мільёнаў еўра. Да Шачыры праяўляюць цікавасць „Галатасарай” і „Манака”. Сёлета з’яўлялася інфармацыя, што гульцом цікавіўся ЦСКА.

У Берасці вызначыліся, як ушануюць памяць Дыега Марадоны

У футбольным клубе Дынама Берасце вызначылі фармат мерапрыемстваў, прысвечаных памяці Дыега Марадоны, распавяла прэс-сакратар Ніна Кананюк. На апошнім хатнім матчы сезону 2020 года, які адбудзецца ў бліжэйшую суботу 28 лістапада, будзе арганізавана выстава ў памяць пра Марадону. Экспазіцыю пры падтрымцы клуба прадставіць вядомы берасцейскі калекцыянер Георгій Дарбуашвілі. У клубе нагадалі, што аргентынец з’яўляўся ганаровым старшынёй праўлення „Дынама” з 2018 года і цягам усяго часу знаходзіўся ў цесным кантакце з камандай, падтрымліваў футбалістаў, дасылаў матывацыйны відэа, даваў прафесійныя парады і нават адзін раз прыязджаў у госці.

Беларускія валейбалісткі даведаліся расклад кваліфікацыйнага турніру да ЧЕ-2021

Стаў вядомы расклад кваліфікацыйнага турніру да чэмпіянату Еўропы-2021 па валейболе сярод жаночых каманд у групе А, якая правядзе свае матчы ў Менску. Турнір з удзелам спартовак з Беларусі, Эстоніі і Швейцарыі адбудзецца ў сталічнай „Чыжоўка-Арэне” 9-14 студзеня. Беларускі ў дзень адкрыцця спаборніцтваў і 12 студзеня згуляюць з саперніцамі з Эстоніі. 11 і 14 студзеня саперніцамі беларусак стануць валейбалісткі Швейцарыі.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя