Гандбалісты клуба „Мяшкоў Брэст” 13-ы раз сталі чэмпіёнамі Беларусі



Гандбалісты клуба „Мяшкоў Берасце” за тры туры да заканчэння 29-га чэмпіянату забяспечылі сабе залатыя медалі. Берасцейцы разграмілі на выездзе свайго галоўнага канкурэнта менскі СКА з лікам 41:34. Гэта 21-я перамога мяшкоўцаў у 21-м праведзеным паядынку цяперашняга першынства. Для берасцейскага клуба гэта восьмы запар і 13-ы чэмпіёнскі тытул за ўсю гісторыю. Вырашыўшы задачу ў нацыянальным першынстве, падначаленыя Рауля Алонса будуць узмоцнена рыхтавацца да чвэрцьфінальнай сустрэчы Лігі чэмпіёнаў з „Барселонай”. Першая гульня адбудзецца 12 траўня ў Берасці.

У жаночым чэмпіянаце пасля 24 тураў лідыруе „БНТУ-БелАЗ”, у якога 44 ачкі, на два балы адстаюць гандбалісткі „Гомеля”, у берасцейскага клуба „Вікторыя-Бярэсце” 38 ачкоў.

Беларуска Марына Слуцкая выйграла бронзу ЧЕ па дзюдо ў Партугаліі

Беларуска Марына Слуцкая, якая выступае ў вагавай катэгорыі звыш 78 кг выйграла бронзу чэмпіянату Еўропы па дзюдо ў партугальскім Лісабоне. У сутычцы за бронзавы медаль кантынентальнага форуму беларуска разабралася з літоўкай Сандрай Яблонскай.

Ягор Шаранговіч набраў 20-е ачко ў сезоне

„Нью-Джэрсі” на хатняй арэне прайграў „Рэйнджэрс” у матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ – 3:5. Беларускі форвард гаспадароў Ягор Шаранговіч зрабіў выніковую перадачу на 39-й хвіліне, набраўшы 20-е (10 + 10) ачко ў сезоне.

Футбалісты „Руху” абыгралі „Смаргонь” у чэмпіянаце Беларусі

Берасцейскі „Рух” разграміў на сваім полі „Смаргонь” у апошнім матчы 5-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе. Ужо ў першыя 9 хвілін стартавага тайма Дзяніс Лапцеў аформіў галявы дубль, а на 25-й хвіліне Павел Савіцкі ў трэці раз засмуціў брамніка гасцей. У другой палове сустрэчы Дзяніс Лапцеў забіў свой трэці мяч, а потым Усевалад Садоўскі падвёў вынік — 5:0. Таксама футбалісты „Гомеля” дамагліся валявой вікторыі ў выязным паядынку з менскім „Дынама” 2:1. Гэта першая параза менскіх дынамаўцаў у чэмпіянаце. Напярэдадні лідар турніру салігорскі „Шахцёр” святкаваў пятую перамогу запар, разграміўшы на сваім полі мазырскую „Славію” 4:1. У астатніх сустрэчах гарадзенскі „Нёман” саступіў „Менску” – 0:2, барысаўскі БАТЭ абыграў „Энергетык-БДУ” – 2:1, „Тарпеда-БелАЗ” прайграла берасцейскаму „Дынама” – 0:2, а рэчыцкі „Спутнік” быў разгромлены „Іслаччу” – 1:5, „Віцебск” і „Слуцк” згулялі ўнічыю 0:0.

„Рэал” страціў ачкі ў матчы з „Хетафе”

„Рэал” і „Хетафе” згулялі ўнічыю 0:0, мадрыдскі «Атлетыка» разграміў «Эйбар» 5:0 у матчах 33-га тура чэмпіянату Іспаніі. „Сметанковыя” ідуць другімі ў турнірнай табліцы з 67 ачкамі, у „Атлетыка” 70 балаў, у «Барселоны», якая правяла на гульню менш, 65 ачкоў.

„Напалі” і „Інтэр” згулялі ўнічыю — 1:1. Турынскі «Ювентус» прайграў «Аталанце» 0:1 у матчах 31-га тура чэмпіянату Італіі „Інтэр” лідыруе ў турнірнай табліцы з 75 ачкамі, у «Ювентуса» 62 ачкі і 4-я пазіцыя. „Манчэстар Юнайтэд” абыграў „Бёрнлі” ў матчы 32-га тура чэмпіянату Англіі — 3:1. „Лестэр” перамог „Саўтгэмптан” у паўфінале Кубка Англіі — 1:0 і 15 траўня ў фінале „лісы” згуляюць з „Чэлсі”.

Топ-клубы Еўропы збіраюцца абвясціць аб стварэнні Суперлігі

Топ-клубы Еўропы ў бліжэйшы час абвесцяць аб стварэнні Суперлігі, паведамляе Marca. Ініцыятарамі новага турніру, які закліканы замяніць Лігу чэмпіёнаў, з’яўляюцца мадрыдскі «Рэал» і «Манчэстэр Юнайтэд», якім садзейнічае фінансавая фірма Key Capital. Некалькі клубаў ужо падпісалі пагадненне аб удзеле ў Суперлізе. Сярод іх прадстаўнікі Англійскай прэм’ер-лігі (АПЛ) «Ліверпуль», «Арсенал», «Чэлсі», «Тотэнхэм», а таксама клубы Прымеры «Барселона» і «Атлетыка». Мяркуецца, што да іх далучацца «ПСЖ», «Баварыя», «Ювентус», «Інтэр» і «Мілан». Адразу ж пасля з’яўлення навіны аб магчымым стварэнні Суперлігі рушыла ўслед рэакцыя УЕФА, нацыянальных асацыяцый і ліг Англіі, Іспаніі і Італіі.

«Мы хочам падкрэсліць, што калі гэта адбудзецца, то мы – УЕФА, ФАА, КИФФ, ИФФ, прэм’ер-ліга, ла ліга і серыя А, а таксама ўсе асацыяцыі ФІФА і УЕФА – не спынім агульных намаганняў, каб спыніць гэты цынічны праект, заснаваны на асабістай выгадзе некалькіх клубаў, у той час як грамадству больш чым калі-небудзь патрэбная салідарнасць», – гаворыцца ў заяве.

Макс Ферстапен стаў пераможцам „Гран-пры Эміліі-Раманьі”

Макс Ферстаппен з каманды „Рэд Бул” перамог у гонцы другога этапу сезона-2021 „Формулы-1” „Гран-пры Эміліі-Раманьі”. Другім стаў Льюіс Хэмілтан з „Мэрсэдэс”, трэцім – Ланда Норыс з „Макларэн”.

Беларускае Радыё Рацыя