Гандбалісты СКА і «Машэкі» даведаліся супернікаў па трэцім раўндзе кваліфікацыі еўракубкаў
У венскай штаб-кватэры Еўрапейскай федэрацыі гандбола (ЕГФ) адбылося лёсаванне кваліфікацыйных раўндаў Кубка ЕГФ і Кубка выкліку. Сярод каманд, якія даведаліся сваіх супернікаў, – менскі СКА і магілёўскі «Машэка». Магілёўцы ў 3-м раўндзе кваліфікацыі Кубка выкліку згуляюць з румынскім ЦСМ «Бухарэст», цяперашнім уладальнікам трафея. Першы матч пройдзе ў сталіцы Румыніі 16-17 лістапада. Менскі СКА ў трэцім кваліфікацыйным раўндзе за выхад у групавы раўнд паспрачаецца з нямецкай камандай «Райн Лэвен». Першы матч пройдзе ў Менску 16 ці 17 лістапада.
Сцяпан Шпак выйграў срэбра Сусветных пляжных гульняў у Катары
Беларускі водналыжнік Сцяпан Шпак стаў уладальнікам срэбра ў скачках з трампліна на Сусветных пляжных гульнях у Катары. Сцяпан Шпак лічыўся адным з фаварытаў спаборніцтваў і, упэўнена правёўшы ўсе тры спробы, у другой паказаў лепшы вынік. Перасягнуць дасягненне беларуса змог толькі Уладзімір Ранзін з Расеі. Трэцяе месца заняў Эміль Рытэр з Чылі.
УЕФА можа пазбавіць Стамбул фіналу Лігі чэмпіёнаў з-за ваеннага прывітання гульцоў зборнай Турцыі
Віцэ-прэзідэнт УЕФА Мішэль Ува заявіў, што асацыяцыя абмяркуе магчымасць пераносу фіналу Лігі чэмпіёнаў-2019/20 з Стамбула. Прычынай паслужылі святкавання галоў зборнай Турцыі, футбалісты якой ужо двойчы выкарыстоўвалі ваеннае прывітанне. Раней Міністр Францыі па справах моладзі і спорту Раксана Марасіняню запатрабавала ад УЕФА пакараць зборную Турцыі за воінскае прывітанне, якое прадэманстравалі турэцкія футбалісты падчас матчу паміж зборнымі ў адборавым турніры чэмпіянату Еўропы 2020 года.
Матч БАТЭ – «Іслач» перанесены з 2 на 3 лістапада
Дэпартамент па правядзенні спаборніцтваў БФФ задаволіў хадайніцтва барысаўскага БАТЭ і перанёс яго матч з «Іслаччу» ў рамках 27-га тура. Паядынак перанесены з 2 на 3 лістапада і пройдзе на «Барысаў-Арэне». Пачатак – у 19:45, – інфармуе афіцыйны сайт «Іслачы».
Ангеліка Кербер датэрмінова завяршыла сезон
Нямецкая тэнісістка Ангеліка Кербер знялася з малога выніковага турніру ВТА, які пройдзе ў Чжухае на наступным тыдні. Як паведамляе Tennis Magazin, прычынай стала траўма нагі. З-за гэтага 31-гадоваянемка раней не змагла выступіць на спаборніцтвах у Люксембургу. Такім чынам, Кербер датэрмінова завяршыла цяперашні сезон. На бягучы момант немка з’яўляецца 13 ракеткай свету.
Беларускае Радыё Рацыя