Гандбалісты СКА перамаглі „Машэку” у чэмпіянаце Беларусі
Пасля навагодняй паўзы аднавіліся матчы мужчынскага чэмпіянату Беларусі па гандболе. Адзін з галоўных фаварытаў першынства менскі СКА перамог у Магілёве мясцовы клуб „Машэка” з розніцай 6 мячоў – 33:27.
Пасля гэтай вікторыі мінчане набралі 28 ачкоў і замацаваліся на першай пазіцыі ў турнірнай табліцы. Асноўны канкурэнт армейцаў дзеючы чэмпіён краіны „Мяшкоў Берасце”, у якога на 5 балаў менш, сёння на выездзе згуляе з гандбалістамі „Гомеля”. У актыве магіляўчан і гамяльчан цяпер па 15 ачкоў.
„Макслайн” працягне ўдзел у чэмпіянаце Беларусі
Адбылося пасяджэнне рады заснавальнікаў і фундатараў футбольнага клуба „Макслайн”. На сустрэчы было прынята рашэнне працягваць удзел у чэмпіянаце Беларусі па футболе і быў звярстаны бюджэт на 2023 год. Папярэдняй задачы на сезон агучана пакуль не было, паведамляе прэс-служба рагачоўскага клуба. Са шкадаваннем было адзначана, што на стадыёне ў Рагачове за 2022 год не былі выпраўлены заўвагі АБФФ па інфраструктуры. Такім чынам, стадыён не атрымае выключэнняў на сезон 2023 і, напэўна, не будзе дапушчаны для правядзення гульняў першай лігі 2023, не кажучы ўжо пра вышэйшую лігу. У сувязі з вышэй выкладзеным было прынята няпростае рашэнне аб пераездзе каманды ў іншы горад. Пры гэтым у Рагачове працягнуць гуляць каманды „Макслайн U-16” і „Макслайн U-17”, а таксама па магчымасці будзе праводзіць у 2023 годзе таварыскія спарынгі і асноўная каманда.
Баранок стаў гульцом „Шахцёра”
Цэнтральны абаронца Мікіта Баранок паспяхова прайшоў медыцынскае абследаванне і падпісаў асабісты кантракт з „Шахцёрам”. Тэрмін пагаднення – 3 гады, паведамляе прэс-служба салігорскага клуба. Раней паміж „Шахцёрам” і „Віцебскам”, якому належалі правы на футбаліста, была заключана трансферная дамова. Баранок з’яўляецца выхаванцам футбольнага клуба „Віцебск”. З 2019 па 2021 год працягваў сваю футбольную адукацыю ў акадэміі АБФФ. У лютым-2021 года вярнуўся ў „Віцебск” і выступаў за дублюючы склад. У траўні мінулага года дэбютаваў за асноўны склад у матчах вышэйшай лігі. Усяго ў чэмпіянаце 2022 года правёў 20 матчаў, у якіх вызначыўся двума забітымі мячамі. З’яўляецца гульцом маладзёжнай зборнай Беларусі.
„Манчэстэр Юнайтэд” і „Ньюкасл” выйшлі ў паўфінал Кубка англійскай лігі
У чвэрцьфінальных матчах Кубка англійскай лігі „Манчэстэр Юнайтэд” і „Ньюкасл” дамагліся поспехаў. „Манчэстэр Юнайтэд” дзякуючы дублю Рэшфарда і аднаму голу Антані разграміў „Чарльтан” – 3:0. „Ньюкасл” перамог „Лестэр” – 2:0 У матчы 1/8 фіналу Кубка Італіі „Інтэр” дамогся валявой перамогі над „Пармай”, якая выступае ў другім дывізіёне, з лікам 2:1.
„Шахцёр” можа атрымаць ад „Арсенала” каля 100 мільёнаў еўра за Мудрыка
Лонданскі „Арсенал” і данецкі „Шахцёр” дамовіліся аб трансферы паўабаронцы Міхаіла Мудрыка. Сума трансферу з улікам бонусаў можа скласці 100 мільёнаў еўра. На падпісанне 22-гадовага футбаліста, акрамя „кананіраў”, доўгі час прэтэндаваў іншы лонданскі клуб – „Чэлсі”. Паведамлялася, што сінія прапаноўвалі за 21-гадовага футбаліста 68 +23 мільёны еўра. Сам Мудрык зацікаўлены ў пераходзе ў „Арсенал”, у складзе якога выступае яго суайчыннік Аляксандр Зінчанка. Мудрык выступае за ўкраінскую каманду з 2017 года. У гэтым сезоне ён згуляў 18 матчаў, у якіх забіў 10 мячоў і аддаў восем галявых перадач. Таксама Міхаіл правёў восем матчаў у складзе нацыянальнай каманды.
Шымановіч выйшла ў 1/8 фіналу турніру у Тунісе
Ірына Шымановіч, якая мае 239 нумар сусветнага рэйтынгу, выйшла ў 1/8 фіналу турніру ІТФ у туніскім Манастыры з прызавым фондам 40 тысяч даляраў. У першым раўндзе беларуска ў двух сэтах перамагла сербку Лолу Радзівоевіч — 6:1, 6:4.
Беларускае Радыё Рацыя