Гандбалісты зборнай Беларусі не згуляюць на турніры ў Польшчы
Гандбалісты нацыянальнай зборнай не змогуць прыняць удзел у традыцыйным пераднавагоднім турніры ў Польшчы. У спаборніцтвах, якія плануюцца на 26-30 снежня, беларускія гандбалісты павінны былі згуляць з камандамі Польшчы, Расеі і Алжыра. Рашэнне адмовіцца ад удзелу ў турніры Беларуская федэрацыя гандбола прыняла на падставе рэкамендацый Міністэрства спорту і турызму і Міністэрства аховы здароўя. Год таму беларускія гандбалісты сталі пераможцамі гэтых спаборніцтваў
Беларускія баскетбалісткі завершаць кваліфікацыю ЧЕ ў пачатку лютага 2021 года
Міжнародная федэрацыя баскетбола (ФІБА) вызначыла даты правядзення заключных матчаў адборавага турніру жаночага чэмпіянату Еўропы 2021 года. Зборная Беларусі свой другі паядынак у кваліфікацыйнай групе F правядзе 3 лютага 2021 году супраць каманды Польшчы, 4 лютага згуляе з баскетбалісткамі Вялікабрытаніі, а 6 лютага завершыць турнір сустрэчай з Польшчай. Месца правядзення будзе вызначана пазней.
Беларускі брамнік „Матора” Іван Мароз – самы карысны гулец 10-га тура Лігі чэмпіёнаў
Беларускі брамнік ўкраінскага „Матора” Іван Мароз прызнаны самым карысным гульцом 10-га тура групавога раўнду Лігі чэмпіёнаў па гандболе. 9 снежня запарожскі „Матор” у гасцях абыграў „Нант” – 32:31. Адным з ключавых гульцоў, якія забяспечылі перамогу ўкраінскага клуба, быў беларускі галкіпер. Ён адбіў 13 з 45 кідкоў супернікаў і стаў MVP 10-га тура. Дзякуючы перамозе „Матор” пасля 7 паядынкаў займае 4-е месца ў групе „В”, дзе набраў 8 ачкоў.
Спартоўцы БДУІР выйгралі першую ўніверсіяду па баскетболе 3х3
Спартоўцы БДУІР сталі пераможцамі першай універсіяды па баскетболе 3х3. У вырашальным паядынку за золата „радыётэхнікі” ўпэўнена перайгралі сапернікаў з БНТУ з вынікам 16:12. Ўладальнікамі бронзавых узнагарод сталі баскетбалісты БДУФК, якія перамаглі каманду БДПУ з лікам 18:12. Найлепшым гульцом турніру прызнаны Раман Рубінштэйн (БДУІР), самым тэхнічным – Уладзіслаў Блізнюк (БНТУ). У спаборніцтвах згулялі зборныя 12 беларускіх ВНУ.
Зборная Нарвегіі выйграла жаночую эстафету ў Хохфільцэне
Зборная Нарвегіі выйграла жаночую эстафету ў рамках трэцяга этапу Кубка свету ў Хохфільцэне. Другое месца заняла каманда Францыі, тройку замкнулі італьянкі. Зборная Беларусі (Дзінара Алімбекава, Ірына Крыўко, Алена Кручынкіна і Ганна Сола) заняла дзесятае месца з трыма штрафнымі кругамі. Жаночая зборная Беларусі па выніках трох этапаў Кубка свету займае дзевятае месца ў Кубку нацый. Лідыруе ў табліцы каманда Швецыі, другое месца займае Францыя, тройку замыкаюць нарвежкі.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя