Гандбольная зборная Беларусі выйшла ў асноўны раўнд ЧЕ
Мужчынская гандбольная зборная Беларусі выйшла ў асноўны раўнд чэмпіянату Еўропы. Прычым зрабіла гэта ў бліскучым стылі. Пасля вікторыі над сербамі і паразы ад харватаў камандзе Юрыя Шаўцова для выхаду ў тузін мацнейшых дружын кантыненту дастаткова было згуляць унічыю са зборнай Чарнагорыі.
Рэальнасць пераўзышла чаканні, Цягам сустрэчы з чарнагорцамі беларусы мелі вялізную перавагу. Нават цяжка прыпомніць аналагічны матч у фінальнай стадыі з удзелам зборнай Беларусі. Пасля першага тайму Беларусь была наперадзе на 6 мячоў. Пасля перапынку перавага нашай каманды была яшчэ больш відавочнай. У выніку упэўненая перамога з лікам 36:27.
Лепшым гульцом сустрэчы прызнаны Мікіта Вайлупаў – 7 галоў.
Беларусь заняла другое месца ў квартэце (пасля Харватыі) і выйшла ў асноўны раўнд Еўра, куды трапяць 12 мацнейшых дружын кантыненту з 24-х. Цікава, што ніхто з суседзяў Беларусі – зборныя Расеі, Латвіі, Польшчы, Украіны – пакуль не здолеў гэтага зрабіць. Расея і Латвія ўжо страцілі ўсялякія шанцы на выхад у 12-ку, а Украіна і Польшча маюць невялікую надзею.
Супернікамі Беларусі на другім этапе стануць каманды Іспаніі і Германіі. Яшчэ два апаненты вызначацца 14 студзеня. Гэта будуць дзве мацнейшыя зборныя з групы „В”. Там становішча перад апошнім турам у квартэце спаборнікаў такое: Аўстрыя — 4 ачкі, Чэхія — 2, Паўночная Македонія — 2, Украіна — 0.
Беларускае Радыё Рацыя