Ганна Сола – бронзавая прызёрка чэмпіянату свету па біятлоне



Беларуская біятланістка Ганна Сола сенсацыйна заваявала бронзавы медаль чэмпіянату свету па біятлоне, што праходзіць у славенскай Паклюцы.

У спрынтарскай гонцы Сола была абсалютна бездакорнай на стралковых рубяжах, але хадой крыху саступіла асноўным суперніцам. Залатую ўзнагароду выйграла нарвежка Цірыль Экхаф, серабро дасталося францужанцы Аніс Шэвалье.

Трэба зазначыць, што беларускія біятланісты і біятланісткі 4 гады не маглі трапіць на п’едэстал чэмпіянату свету. Апошнім медалём было срэбра Дар’і Домрачавай ў 2017 годзе.

Цікава, што гэта ўвогуле першае прызавое месца Солы ў індывідуальных гонках на дарослым роўні.

Варта таксама прыгадаць, што Ганна Сола была адзінай спартоўкай з біятлоннай каманды, якая ў студзені адмовілася падпісаць ліст у падтрымку Лукашэнкі.

Ганна Сола – нараджэнка вёскі Завяззе (Шумілінскі раён). 19 лютага дзяўчыне споўніцца 25 гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя