Гарадзенскі „Нёман” – першы лідар новага чэмпіянату



29 сакавіка двума матчамі стартаваў 29-ы чэмпіянат Беларусі па футболе.

Стартавы паядынак паміж ФК „Мінск” і камандай „Віцебск” быў адзначаны пераважна сумным дзействам і лагічна завяршыўся без галоў – 0:0.

Затое ў Гомелі мясцовы клуб і гарадзенскі „Нёман” падарылі гледачам захапляльны спектакль. У першым тайме гарадзенцы па-сапраўднаму злавілі птушку ўдачы за хвост. Спярша камерунскі легіянер Нджэнг тэхнічна рэалізаваў штрафны ўдар. Пасля грузінскі абаронца „Нёмана” Георгі Кантарыя з лёту дакладна прабіў пад папярэчыну. А на 41-й хвіліне Аляксей Лягчылін давёў лік да 3:0 на карысць „Нёмана”.

„Гомель” таксама стварыў некалькі момантаў і ўрэшце перад самым перапынкам высілкамі Антона Шрамчанкі дамогся голу – мяч у сваю браму зрэзаў Кантарыя.

У другім тайме выразна дамінаваў „Гомель”, стварыў шэраг голавых сітуацый і на 59-й хвіліне засмуціў маладога неабстралянага галкіпера „Нёмана”, дэбютанта Максіма Шышлова – вызначыўся Віталь Квашук, які не так даўно выступаў у складзе гарадзенцаў. Далей гаспадары маглі не раз параўняць лік, але гэта быў усё ж дзень „Нёману”. У выніку 3:2 на карысць гасцей.

Першая вікторыя „Нёмана” у чэмпіянаце вывела яго ў часовыя лідары першынства.

Беларускае Радыё Рацыя