Гарадзенскі „Нёман” прайграў БАТЭ
Тры матчы 14 туру футбольнага чэмпіянату Беларусі прайшлі ў нядзелю, 25 чэрвеня. Першымі на поле выйшлі ў Віцебску мясцовая каманда і клуб „Слуцк”. Гульня блізілася да выніковай нулёўкі, але на 88-й хвіліне пераможны стрэл удаўся ўсё ж случакам – мяч забіў Ілля Трачынскі – 0:1. ФК „Слуцк” у бягучым сезоне – найлепшы прыклад залежнасці вынікаў каманды ад матэрыяльнага стымулявання.
„Гарадзея” прымала берасцейскае „Дынама” – каманды разышліся мірам 1:1. Лік быў адкрыты гаспадарамі з пенальці – на 52-й хвіліне яго рэалізаваў Дзмітрый Лебедзеў. Берасцейцы ўратаваліся за хвіліну да канца асноўнага часу – вызначыўся абаронец Аляксей Іваноў.
Галоўны цвік дня забіваўся позна ўвечары ў Гародні, дзе „Нёман” прымаў чэмпіёна краіны барысаўскі БАТЭ. Першы тайм быў нуднаватым, праходзіў пад дожджыкам і галоў не прынёс. У другой палове ўдача спадарожнічала гасцям. „Злы геній” гарадзенцаў Міхаіл Гардзяйчук зноў забіў „Нёману”. Здарылася гэта пры дапамозе рыкашэту на 67-й хвіліне. Пасля гэтага „Нёман” актывізаваўся, але адыграцца так і не здолеў. Выніковыя 1:0 на карысць барысаўцаў. Да ўсяго Гардзяйчук дагнаў Паўла Савіцкага ў гонцы бамбардзіраў – у абодвух зараз па 7 галоў.
Верхняя частка турнірнай табліцы зараз выглядае так: 1. „Шахцёр” – 35 ачкоў, 2. „Дынама” (Менск) – 31, 3. БАТЭ – 30, 4. ФК „Слуцк” – 25, 5. „Нёман” – 24. Беларускае Радыё Рацыя