Гарадзенскі „Нёман” выбіўся ў лідары



Трэці тур футбольнага чэмпіянату краіны прынёс істотныя перастаноўкі ў турнірнай табліцы. У нечаканыя лідары першынства здолеў выбіцца гарадзенскі „Нёман”. На сваім полі калектыў Ігара Кавалевіча паказаў невыразную гульню, але ўпершыню на родным полі перамог „Слуцк”, які дагэтуль красаваўся на вяршыні розыгрышу. Гарадзенцы перамаглі 2:1. У першым тайме лік хутка адкрыў Раман Лакціёнаў, але неўзабаве случакі аднавілі раўнавагу – вызначыўся Віталь Кібук. Пераможны ж гол гарадзенцаў на рахунку выйшаўшага на замену Філіпа Рудзіка.

Крыху пазней у кампанію да нёманцаў далучыўся салігорскі „Шахцёр”. які на выездзе адолеў за кошт аўтагола супернікаў ФК „Мінск” – 1:0. У „Нёмана” і „Шахцёра” стала па 7 набраных ачкоў.

Чэмпіён краіны барысаўскі БАТЭ зноў не здолеў давесці сваю перавагу ў паядынку з берасцейскім „Дынамам” – 1:1. Хутчэй бліжэй да поспеху былі прыбужскія футбалісты. Гаспадары поля вызначыліся на 66-й хвіліне – забіў ганскі форвард Джоэл Фамее. На 75-й барысавец Міхаіл Гардзяйчук параўняў лічбы на табло. А апошнія хвіліны БАТЭ гуляў у меншасці з-за выдалення свайго брамніка Антона Чычкана. Характэрна. што чэмпіёны засталіся зараз фактычна без брамнікаў – Сяргей Верамко па-ранейшаму траўмаваны, Дзяніс Шчарбіцкі і Чычкан дыскваліфікаваныя.

Іншыя вынікі матчаў трэцяга туру: „Дняпро” (Магілёў) – „Крумкачы” (Менск) – 2:1, „Тарпеда” (Жодзіна) – „Дынама” (Менск) – 1:0 (вікторыю жодзінцам прынёс на 83-й хвіліне Аляксандр Макась), „Гомель” – „Славія” (Мазыр) – 2:0, „Гарадзея” – „Іслач” – 2:0, „Нафтан” (Наваполацк” – „Віцебск” – 0:0 .

Беларускае Радыё Рацыя