Гарадзенскі „Нёман” выйграў хакейны кубак краіны
Гарадзенскі хакейны „Нёман”, насуперак прагнозам многіх спецыялістаў, здолеў узяць рэванш на лёдзе сталічнага „Юнацтва” і заваяваў Кубак Беларусі імя Руслана Салея.
У першым паядынку роўных супернікаў у Гародні крыху больш удалымі былі падначаленыя Міхаіла Захарава, якія перамаглі ў гасцях 5:4. Рэгламент Кубку краіны прадугледжвае, аднак, спабор з двух матчаў. На менскім лёдзе гарадзенцам патрэбна было ўжо ў асноўны ці дадатковы час перамагаць з розніцай у дзве шайбы. „Юнацтва” выйшла на арэну ў ролі відавочнага фаварыта.
Аднак цягам бальшыні гульнёвага часу свае ўмовы дыктавалі выхаванцы Сяргея Пушкова, якія былі надзвычай канцэнтраванымі і стварылі мноства пагрозаў браме Дзмітрыя Мільчакова. На 4-й хвіліне яго прабіў капітан нёманцаў – абаронец Андрэй Коршунаў. На 11-й Яраслаў Гарбачэнка падвоіў перавагу гасцей. Пры гэтым ліку гарадзенцы маглі забіць яшчэ, але менчукоў двойчы ратаваў каркас брамы. У другім перыядзе Павел Развадоўскі скараціў розніцу ў ліку. Але неўзабаве Ягор Сцяпанаў эфектным хвосткім кідком аднавіў статус-кво. У трэцім перыядзе перавага „Нёмана” ужо не выклікала асаблівых сумневаў. Яе пацверджаннем стаў гол ветэрана „Нёмана” Вячаслава Лісічкіна ў самай канцоўцы – 4:1 на карысць гарадзенцаў. „Юнацтва” нават не здолела перад гэтым замяніць брамніка на шостага палявога гульца.
Папярэдні раз „Нёман” заваёўваў Кубак Беларусі імя Руслана Салея ў 2014 годзе. І вось новы трыумф!
Беларускае Радыё Рацыя