Гарадзенцы сустрэліся з аматарамі ветразевага спорту
Грамадскае аб’яднанне „Чатыры Вятры” арганізавала сустрэчу з гарадзенцамі. Гэтая супольнасць аматараў хадзіць пад ветразем утворана год таму.
Галоўны матыў жыхароў сухазем’я, якім з’яўляецца Гародня, – вандраваць па рачной і марской вадзе. І гарадзенцы намагаюцца свае мары ажыццявіць. Пра планы гэтага году падзяліўся сябра аб’яднання Аляксандар Бірылаў:
– Мы хацелі б зрабіць нашы выхады на ваду рэгулярнымі. Каб мы маглі хаця б кожны тыдзень выходзіць на ваду і сустракацца з тымі людзьмі, для якіх цікавая гэтая тэма. Гэта нашая мінімальная задача. Мы хочам у гэтым годзе як мага шырэй прадставіць магчымасці паруснага адпачынку ў нас у Гародні і паспрабаваць вырашыць пытанне пра арганізацыю яхт-клуба на Гарадзенскім вадасховішчы. Бо мы лічым, што жыхарам нашага горада гэта будзе цікава.
Падчас сустрэчы наведнікам былі паказаны прылады , якімі карыстаюцца падчас плавання пад ветразямі, а таксама жадаючых азнаёмілі з навыкамі вязаць вузлы. Сустрэча прайшла на вуліцы Кірава, у Цэнтры гарадскога жыцця Гародні. Знайсці кантакт з аб’яднаннем гарадзенцы змогуць праз сацыяльныя сеткі, дзе створана суполка „Чатыры Вятры – Гродна”.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня