Гарадзенцы заваявалі 6 медалёў на ЧЕ па ракетамадэльным спорце
6 медалёў заваявалі гарадзенцы на Чэмпіянаце Еўропы па ракетамадэльным спорце, які праходзіў у румынскім горадзе Бузэу. Тут сабраліся наймацнейшыя зборныя з 19 краін свету. Ракетамадэлісты ў цяжкіх спякотных умовах надвор’я змагаліся у васьмі класах мадэляў. Беларусы паказалі найлепшы вынік ў сваёй гісторыі.
Пра гэта распавёў загадчык спартова-тэхнічнага аддзела Гарадзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці Аляксандр Ліпай:
– Па выніках нацыянальнай каманды за ўвесь час выступлення гэта самы лепшы вынік – 6-е каманднае месца ў неафіцыйным заліку. Наперадзе толькі Расея, Польшча, Украіна. Усе здзіўляюцца, бо ў камандах, якія перад намі, па 30-40 чалавек, а ў нас як заўсёды “беларускі партызанскі атрад” з трох чалавек перамагае як на еўрапейскім, так і на сусветным роўні.
Па словах Аляксандра Ліпая, у беларускіх ракетамадэлістаў няма належнага фінансавання, хаця гэты прыкладны від спорта карыстаецца ў дзяцей і дарослых вялікім зацікаўленнем. На выраб некаторых мадэляў ракет ідзе каля двух гадоў. Таму выхаванцы Гарадзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці зноў прыняліся за працу, рыхтуючыся да наступных стартаў. Сам жа Аляксандр Ліпай накіраваўся да знакамітага касмадрома Байканур у Казахстане, дзе выступіць у якасці суддзі міжнародных спаборніцтваў па ракетамадэльным спорце.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя