Гарбіньё Мугуруса – чэмпіёнка Ўімблдона
Іспанка Гарбіньё Мугуруса ўпершыню ў сваёй кар’еры выйграла адзіночны турнір Уімблдонскага тэніснага турніру. У фінале яна не пакінула шанцаў амерыканцы Вінус Уільямс. У першай партыі назіралася яшчэ роўнае змаганне, урэшце Мугуруса схіліла шалі вагаў на свой бок – 7:5. Другі сет прайшоў пры поўным дамінаванні пірэнейкі. Мугуруса літаральна „размазала” суперніцу па корце – 6:0.
На шляху да тытулу іспанка паслядоўна перамагла расейку Кацярыну Аляксандраву, бельгійку Яніну Вікмаер, румынку Сорану Кірсцю, першую ракетку свету Анжэлік Кербер, расейку Святлану Кузняцову, славачку Магдалену Рыбарыкаву і ўрэшце старэйшую Уільямс. Пры тым яна аддала толькі адзін сет Кербер.
Перад турнірам Мугуруса была толькі 15-й ракеткай свету. Зараз яна істотна ўздымецца ў рэйтынггу. Першым нумарам класіфікацыі ў панядзелак стане чэшка Караліна Плішкава.
Беларускае Радыё Рацыя