Гаварцова і Івашка выйшлі ў 2-і раунд кваліфікацыі Australian Open
На адкрытых хардавых кортах „Мельбурн Парку” пачаліся кваліфікацыйныя матчы першага ў сезоне турніру серыі „Вялікага шлема” – адкрытага чэмпіянату Аўстраліі па тэнісе. У першым раўндзе жаночага адзіночнага разраду беларуская тэнісістка Вольга Гаварцова перамагла ў дзвюх партыях аўстралійку Эбі Маерс – 7:5, 7:5. У другім раўндзе беларуска сустрэнецца з амерыканскай тэнісісткай Каралін Долхайд.
У мужчынскім турніры беларус Ілля Івашка ўзяў верх над брытанскім тэнісістам Ліамам Броўдзі – 6:3, 6:0. Наступным супернікам беларуса будзе пераможца матча паміж немцам Мацам Мараінгам (221) і партугальцам Жоао Дамінгешам. Каб трапіць у асноўную сетку Australian Open, тэнісістам трэба пераадолець тры кваліфікацыйныя бар’еры.
Без удзелу ў кваліфікацыі ў Мельбурне выступяць Арына Сабаленка, Аляксандра Сасновіч і Ягор Герасімаў.
Атлеты з Менска перамаглі ў агульнакамандным заліку на чэмпіянаце Беларусі па вольнай барацьбе
Атлеты з Менска перамаглі ў агульнакамандным заліку на чэмпіянаце Беларусі па вольнай барацьбе, які завяршыўся ў сталічным РЦАР па гандболе. Менчукі ў суме набралі 200 балаў. Другімі сталі прадстаўнікі Гарадзенскай вобласці – 190 ачкоў. Трэцяе месца дасталася камандзе з Менскай вобласці – 168 пунктаў. На чэмпіянаце Беларусі па трох відах барацьбы (жаночай, вольнай і грэка-рымскай) было акрэслена кола прэтэндэнтаў на ўдзел у стартах алімпійскай кваліфікацыі. У сакавіку сусветны турнір прыме Будапешт. У красавіку кантынентальныя спаборніцтвы пройдуць у Сафіі. У беларускіх спартоўцаў на рахунку дзве ліцэнзіі: у Ірыны Курачкінай і прадстаўніка грэка-рымскага стылю Мікалая Стадуба. Зрэшты, пропуск на Гульні-2020 не імянны.
Дар’я Уласава выйграла бронзу турніру па фехтаванні ў Познані
Беларуска Дар’я Уласава выйграла бронзу турніру Еўрапейскага кадэцкага цыкла па фехтаванні на рапірах ў Познані. На папярэдняй стадыі Дар’я Уласава перамагла яшчэ адну беларуску Ганну Зубкоўскую – 15:9. Не стала перашкодай для яе і полька Алівія Дэмбіцкая – 15:10. У 1/16 фіналу спартоўка з Берасця зрынула канадку Цінэ Мак – 15: 9. Затым былі вікторыі над францужанкай Серыль Дардэн і румынкай Карынай Васіле – 15:13. На жаль, у паўфінале беларуска прайграла немцы Луке Холанд-Куц – 5:15. Тым не менш, згодна з рэгламентам турніру, Дар’я Уласава стала ўладальніцай бронзы.
Рыас перайшоў з БАТЭ ў менскае „Дынама”
Абаронца Аляксей Рыас перайшоў з барысаўскага БАТЭ ў склад футбалістаў мінскага „Дынама”. Аляксей Рыас, якому 32 гады, з’яўляецца выхаванцам дынамаўскай школы, а прафесійную кар’еру пачаў у 2006 годзе ў салігорскім „Шахцёры”. З 2014 года ён гуляў у БАТЭ, у складзе якога стаў чатырохразовым чэмпіёнам Беларусі. У шэрагах нацыянальнай зборнай Аляксей Рыас правёў 10 матчаў. Менскія дынамаўцы прыступілі да перадсезоннай падрыхтоўцы, а з 16 студзеня па 2 лютага правядуць вучэбна-трэніровачны збор у Сочы.
Кіке Сэцьен стаў новым трэнерам «Барселоны»
У каталонскай «Барселоны» з’явіўся новы галоўны трэнер. Ім стаў Кіке Сэцьен, які раней працаваў з «Бецісам». Ён падпісаў з каталонскім клубам кантракт да 2022 года. На гэтай пасадзе Сэцьен змяніў Эрнэста Вальвердэ, які быў адпраўлены ў адстаўку. 61-гадовы ўраджэнец Сантандэра у сваёй трэнерскай кар’еры не выйграў ніводнага трафея.
Афіцыйная прэзентацыя Сецьена пройдзе сёння. Першы матч ён правядзе ў нядзелю, калі „Барселона” прыме „Гранаду”. Каталонцы дзеляць першае месца ў чэмпіянаце Іспаніі з „Рэалам”. У 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў УЕФА яны сустрэнуцца з „Напалі”.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота pressball.by