Гаварцова і Савіных прайгралі ў 1/4 фіналу турніра ў Ташкенце
Беларуска-расейская пара Вольга Гаварцова / Валерыя Савіных саступіла амерыканска-бразільскаму дуэту Хэйл Картэр / Луіза Стэфані ў матчы 1/4 фіналу турніру ў Ташкенце – 3:6, 2:6.
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка і бельгійка Элізе Мертэнс сталі чвэрцьфіналісткамі парнага разраду турніру ў кітайскім Ухані. У матчы 1/8 фіналу беларуска-бельгійская пара не пакінула шанцаў амерыкана-ўкраінскаму дуэту Дэзайр Краўчык / Людміла Кічанок – 6:1, 6:3. Таксама Арына Сабаленка прабілася ў чвэрцьфінал адзіночнага разраду, перайграўшы галандку Кікі Бертанс.
Дар’я Навумава заняла 4-е месца на ЧС па цяжкай атлетыцы ў Патайі
Беларуская спартоўка Дар’я Навумава, якая выступала ў вагавой катэгорыі 81 кг, спынілася за крок ад п’едэстала чэмпіянату свету па цяжкай атлетыцы ў Патайі. У двуборстве Дар’і Навумавай скарылася вага 244 кг (109 + 135 кг). На жаль, для заваёвы ўзнагароды планетарнага першынства гэтага аказалася мала. Перамогу па суме двух практыкаванняў святкавала калумбійкі Лейдэн Соліс – 247 кг (105 + 142). Срэбра выйграла спартоўка з Іспаніі Лідзія Валянцін – 246 кг (108 + 138). Бронза ў амерыканкі Джэні Артур – 245 кг (106 + 139)
Уладзіслаў Шышкоў пакінуў „Нёман”
Гарадзенскі „Нёман” і расейскі абаронца Уладзіслаў Шышкоў скасавалі кантракт па ўзаемнай згодзе бакоў. У гэтым сезоне Шышкоў у складзе „чырвона-чорных” правёў дзевяць матчаў у розыгрышы Кубка Руслана Салея, у якіх набранымі ачкамі не вызначыўся. У экстралізе „А” ў яго актыве дзве выніковыя перадачы ў 10 згуляных матчах, адзначае hockey.by.
Беларускія шахматысты заваявалі тры ўзнагароды на міжнародным юніёрскім турніры ў Казахстане
Беларускія шахматысты заваявалі тры медалі на міжнародным турніры сярод юнакоў і дзяўчат „Кубак Уладзіміра Дварковіча”, які праходзіў у казахстанскім Актобе. Вячаслаў Зарубіцкі ў бліцы заняў другое месца, набраўшы 7 балаў. З такім жа вынікам на трэцім радку выніковага пратаколу размясціўся яго партнёр па камандзе Дзяніс Лазавік. Раней на турніры зборная Беларусі, якую прадстаўлялі Вячаслаў Зарубіцкі, Дзяніс Лазавік, Вольга Бадэлька, Аляксандра Тарасенка, заваявала залатыя ўзнагароды ў камандным турніры.
„Манчэстар Юнайтэд” збіраецца запрасіць зімой Усмана Дэмбеле і Марыё Манджукіча
Галоўны трэнер „Манчэстар Юнайтэд” Уле-Гунар Сульшэр упэўнены, што каманда мае патрэбу ва ўзмацненні. Кіраўніцтва клуба з ім згодна і гатова запрасіць у бліжэйшае трансфернае акно паўабаронцу „Барселоны” Усман Дэмбеле, а таксама форварда „Ювентуса” Марыё Манджукіча. Раней у турынскім клубе заявілі, што ў бліжэйшы час 33-гадовы нападнік адправіцца ў чэмпіянат Катара. На сённяшні дзень ніякіх паведамленняў пра ад’езд гульца не было. Пры гэтым ён не правёў ніводнага матчу ў бягучым сезоне. Што да 22-гадовага Дэмбеле, то ён можа пакінуць „Барселону” па рашэнні кіраўніцтва.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота uz24.uz