Гаварцова выйшла ў трэці раўнд кваліфікацыі „Уімблдона”



Беларуская тэнісістка Вольга Гаварцова (N136 ВТА) выйшла ў трэці раўнд кваліфікацыі „Вялікага шлема” – „Уімблдона”.

У другім раўндзе яна была мацнейшай за прадстаўніцу Славакіі Рэбеку Шрамкаву (228). Лёсаванне асноўнай сеткі спаборніцтваў адбудзецца ў пятніцу.

Беларуска Вікторыя Азаранка (N4 ВТА) палічыла за лепшае не выходзіць на паўфінальны паядынак турніру ВТА ў Бад-Хомбургу супраць іспанкі Сары Сарыбес-Тормы. Насупраць прозвішча нашай тэнісісткі значыцца няяўка. Напярэдадні яна адыграла чатыры матч-болы ў супрацьстаянні з францужанкай Алізе Карнэ, выпрабоўваючы па ходзе матча відавочныя праблемы з самаадчуваннем.

Заява ФК „Крумкачы”: з-за розных прычын і пад уздзеяннем знешніх фактараў Алег Дулуб пакінуў клуб

Алег Дулуб пакінуў пасаду галоўнага трэнера „Крумкачоў”. 24 чэрвеня на трэнерскім мастку сталічнай каманды адбыліся змены. „На жаль, у сілу розных прычын і пад уздзеяннем знешніх фактараў Алегу Анатольевічу Дулубу прыйшлося зрабіць перапынак у сваёй прафесійнай кар’еры”, – сказана на сайце каманды. Кантракт паміж клубам і галоўным трэнерам Алегам Дулубам скасаваны 24 чэрвеня. У бліжэйшых матчах выконваць абавязкі галоўнага трэнера будзе памочнік Алега Дулуба Сяргей Казека.

Футбалісткі „Менска” і „Дынама-БДУФК” выйшлі ў фінал Кубка Беларусі

Футбалісткі „Менска” і сталічнага „Дынама-БДУФК”, як і год таму, сталі фіналісткамі 30-га розыгрышу Кубка Беларусі сярод жаночых каманд. Цяперашнія чэмпіёнкі і ўладальніцы Кубка краіны спартоўкі „Дынама-БДУФК” у паўфінале на сваім полі перайгралі гульцоў юніёрскай зборнай Беларусі (U-19) з лікам 7:0.

Другі паўфінал у Гародні стаў значна больш напружаным. У першым тайме футбалісткі „Нёмана” выйшлі наперад пасля ўдару Паліны Далматавай, неўзабаве пасля перапынку Мэла Сураўцава аднавіла раўнавагу ў ліку – 1:1. У дадатковы час вынік не змяніўся, а ў серыі пасляматчавых пенальці больш паспяховымі былі футбалісткі Менска – 4:2.

Антон Чычкан прызнаны найлепшым гульцом 13-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі

Галкіпер барысаўскага БАТЭ Антон Чычкан прызнаны найлепшым гульцом 13-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі па версіі асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола». У пераможным гасцявым паядынку з менскім „Дынама” 25-гадовы брамнік барысаўчан 11 разоў ратаваў сваю каманду пасля небяспечных нападаў менчукоў і дапамог БАТЭ выйграць з сухім лікам 2:0. У гэтым сезоне галкіпер упершыню названы лепшым гульцом тура.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Беларускай тэніснай федэрацыі