Герасіменя і Апейкін абвешчаныя ў вышук



Следчы камітэт абвясціў у вышук кіраўніка Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці плыўчыху Аляксандру Герасіменю і выканаўчага дырэктара фонду заснавальніка гандбольнага клуба „Віцязь” Аляксандра Апейкіна.

„Вынесеныя пастановы аб прыцягненні ў якасці абвінавачаных Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна. Дзеянні абвінавачаных кваліфікаваныя следствам паводле ч. 3 арт. 361 (заклікі да ўчынення дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі і глабальнай камп’ютарнай сеткі інтэрнэт) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Пракурорам санкцыянаванае прымяненне да абодвух абвінавачаных меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Названыя асобы абвешчаныя ў вышук”, — паведаміў СК.

Пра адкрыццё крымінальнай справы ў дачыненні да Герасімені і Апейкіна было абвешчана 2 красавіка.

„Згодна са звесткамі следства, вышэйназваныя асобы ў жніўні 2020 года стварылі так званае аб’яднанне „Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці”, абвясціўшы яго мэтамі аказанне фінансавай і юрыдычнай дапамогі спартсменам, прыцягнутым да адказнасці за парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь. На справе Герасіменя і Апейкін, з’яўляючыся адпаведна старшынёй і выканаўчым дырэктарам, распаўсюджвалі яўна ілжывыя звесткі пра ход і вынікі выбарчай кампаніі, пра падзеі ў сацыяльнай, эканамічнай, палітычнай і культурнай сферах жыцця грамадства”, — гаварылася ў паведамленні СК.

„У інтэрнэце і сродках масавай інфармацыі звярталіся з заклікамі да замежным дзяржаў і міжнародных арганізацый аб здзяйсненні дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь”, — сцвярджалася ў рэлізе.

„У прыватнасці, — прывёў прыклад СК, — пад націскам членаў вышэйназванага „аб’яднання” з Беларусі перанесеныя шэраг буйных спартыўных мерапрыемстваў (верагодна, гаворка пра чэмпіянат свету па хакеі. — БелаПАН.). У выніку дзеянняў Герасімені і Апейкіна, а таксама іншых асоб нанесены значны іміджавы і фінансавы ўрон, падарваны прэстыж краіны на міжнароднай і палітычнай арэне, дыскрэдытаванае кіраўніцтва спартыўнай галіны і дзяржавы”.

„Дзеянні членаў так званага БФСС следчымі кваліфікаваныя паводле ч. 3 арт. 361 (заклікі да ўчынення іншых дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп’ютарнай сеткі інтэрнэт) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Санкцыя артыкула прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі да 5 гадоў”, — гаварылася ў паведамленні.

Герасіменя і Апейкін знаходзяцца за межамі Беларусі.

belapan.by

Фото: БФСС