Герасіменя правядзе майстар-клас для дзяцей у Берасці
Аляксандра Герасіменя падчас адкрытага Кубка Беларусі па плаванні, які адбудзецца ў Берасці 25-28 студзеня, правядзе майстар-клас для дзяцей, паведамляе БелТА.
Майстар-клас заслужанага майстра спорту Беларусі, двухразовай срэбранай медалісткі Алімпіяды ў Лондане і ўладальніцы бронзавай узнагароды на летніх гульнях у Рыа-дэ-Жанейра пройдзе 28 студзеня.
На сустрэчу з Аляксандрай Герасіменяй запрошаны хлопцы з усіх раёнаў Берасцейскай вобласці. «Залатая рыбка» беларускага плавання спачатку пагутарыць з дзецьмі, затым у 50-метровым басейне правядзе размінку і заняткі на вадзе.
«Майстар-клас Аляксандра Герасіменя праводзіць у Берасці не ўпершыню. Ён карыстаецца цікавасцю сярод дзяцей і іх бацькоў. Для малых гэта магчымасць пагутарыць з чэмпіёнкай, даведацца пра яе спартыўны лёс, распытаць, як яна дамагалася кар’ерных вышынь, і павучыцца ў яе майстэрству. Я б сказала, што для спартоўцаў-пачаткоўцаў гэтая сустрэча – значная падзея», – адзначыла намесніца дырэктара абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па водных відах спорту Вікторыя Астахава.
Фота klbviktoria.com