Германія адмовілася ехаць на ЧЕ па велатрэку ў Менску
Федэрацыя веласпорту Германіі выступіла з заявай, у якой апавясціла Еўрапейскую асацыяцыю веласіпедыстаў (UEC) пра тое, што адмаўляецца прыязджаць на ЧЕ-2021 на трэку ў Менск. Турнір павінен прайсці з 23 па 27 чэрвеня.
„Федэрацыя веласпорту паведамляе UEC пра свой няўдзел у чэмпіянаце Еўропы ў Менску. Пасля падзей у мінулыя выходныя Асацыяцыя веласіпедыстаў Германіі звязалася з UEC і дала зразумець, што ў гэтых абставінах нацыянальная зборная Германіі па трэкавым веласпорце не можа ўдзельнічаць у чэмпіянаце Еўропы ў Менску і настойвае на альтэрнатыўным вырашэнні”, – гаворыцца ў афіцыйным паведамленні. UEC у сваю чаргу заяўляе, што таксама крытычна ставіцца да таго, што адбываецца і абмяркуе рашэнне пра далейшы лёс турніру ў Менску ў бліжэйшы чацвер на пасяджэнні праўлення ў Лазане.
Вольга Гаварцова выйшла ў 2-і раунд кваліфікацыі „Ралан Гарос”
Беларуская тэнісістка Вольга Гаварцова (138-ы нумар сусветнага рэйтынгу) паспяхова правяла стартавы матч кваліфікацыі адкрытага чэмпіянату Францыі. У першым раундзе беларуска перамагла ў двух партыях паўднёвакарэйскую тэнісістку Хан На-Лэ (228) – 6:3, 6:3. У другім крузе кваліфікацыі Вольга Гаварцова сустрэнецца з харваткай Янай Фетт (205). У мужчынскіх спаборніцтвах беларускі тэнісіст Ілля Івашка (89) завяршыў выступленне, прайграўшы ў першым раўндзе расейцу Андрэю Кузняцову (448) – 4:6, 6:7 (1:7). Без удзелу ў кваліфікацыі ў Парыжы выступяць прадстаўнікі Беларусі Ягор Герасімаў (78), Арына Сабаленка (4), Вікторыя Азаранка (16) і Аляксандра Сасновіч (103).
Сталі вядомыя склады пар 1/2 фіналу гандбольнай Лігі чэмпіёнаў
У аўстрыйскай Вене адбылося лёсаванне вырашальнага этапу гандбольнай Лігі чэмпіёнаў. Іспанская „Барселона” 12 чэрвеня ў нямецкім Кёльне сустрэнецца ў паўфінале з французскім „Нантам”. У другім паўфінальным матчы яшчэ адзін прадстаўнік Францыі „Пары Сен-Жэрмен” згуляе з дацкім „Ольбаргам”. Пераможцы паўфіналаў 13 чэрвеня паспрачаюцца за галоўны трафей еўрапейскага клубнага гандбола.
Жаночая зборная Беларусі 25 траўня згуляе ў Стамбуле з камандай Турцыі
Жаночая зборная Беларусі па баскетболе 25 траўня згуляе ў Стамбуле з камандай Турцыі. Гэта будзе таварыскі паядынак. Пачатак сустрэчы ў 18.00 па менскім часе. Акрамя таго, 26 траўня беларускі таксама ў Стамбуле сустрэнуцца з расейкамі. Старт а 18.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: EPA-EFE/DAN PELED