Германія падтрымлівае санкцыі МАКа ў дачыненні да кіраўніцтва НАКа Беларусі



Германія падтрымлівае санкцыі Міжнароднага алімпійскага камітэта ў дачыненні да кіраўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі, гаворыцца ў адказе ўрада ФРГ на запыт дэпутатаў бундэстага ад фракцыі левых (Die Linke) на тэму нямецка-беларускага супрацоўніцтва да і пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года.

„Федэральны ўрад вітае рашэнне выканкама Міжнароднага алімпійскага камітэта часова пазбавіць паўнамоцтваў кіраўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта з-за невыканання Алімпійскай хартыі”, — адзначаецца ў дакуменце.

Акрамя таго, нямецкі ўрад заявіў пра гатоўнасць дапамагаць беларускім спартсменам, якія зазналі рэпрэсіі, адпаведныя меры будуць з імі ўзгадняцца.

7 снежня 2020 года МАК часова забараніў на той момант прэзідэнту Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Аляксандру Лукашэнку і яго старэйшаму сыну — першаму віцэ-прэзідэнту НАК Віктару Лукашэнку ўдзельнічаць у мерапрыемствах Міжнароднага алімпійскага камітэта, уключаючы Алімпійскія гульні. Тыя ж санкцыі былі накладзеныя на Дзмітрыя Баскава, у дачыненні да якога вядзе расследаванне Міжнародная федэрацыя хакея (ІІХФ). Баскову забаронены ўезд у Латвію, якая разам з Беларуссю павінна была праводзіць чэмпіянат свету па хакеі 2021 года, але пасля рашэння ІІХФ адмяніць матчы ў Мінску з-за праблем з бяспекай і кавідам цяпер арганізуе турнір самастойна. Баскаў падазраецца ў дачыненні да падзей, якія прывялі да смерці актывіста Рамана Бандарэнкі. Сам хакейны функцыянер гэта катэгарычна адмаўляе.

8 сакавіка гэтага года МАК не прызнаў Віктара Лукашэнку новым прэзідэнтам НАК (быў абраны 26 лютага). Акрамя таго, не прызнаныя паўнамоцтвы абранага ў склад выканкама НАК Дзмітрыя Баскава. Іншыя санкцыі захоўваюцца.

Старэйшы сын Лукашэнкі і Баскаў па-ранейшаму не будуць дапускацца на ўсе мерапрыемствы пад эгідай МАК, уключаючы Алімпійскія гульні. Сувязь з Нацыянальным алімпійскім камітэтам і іншымі членамі новага складу выканкама будзе падтрымлівацца праз генеральнага сакратара НАК (Паліну Галавіну).

Іншыя меры:

— прыпыненне ўсіх фінансавых выплат беларускаму НАК, за выключэннем звязаных са стыпендыямі спартсменаў і падрыхтоўкай беларускай каманды да Алімпійскіх гульняў і ўдзелам у іх (прамыя выплаты, абыходзячы НАК);

— зварот да адпаведных міжнародных федэрацый з просьбай забяспечыць удзел у кваліфікацыйных спаборніцтвах да Алімпійскіх гульняў усіх дапушчаных беларускіх спартсменаў без якой-небудзь палітычнай дыскрымінацыі;

— прыпыненне любых абмеркаванняў з НАК Беларусі пытанняў арганізацыі будучых мерапрыемстваў МАК;

— просьба да ўсіх удзельнікаў алімпійскага руху выконваць гэтыя меры ў інтарэсах абароны правоў беларускіх спартсменаў і рэпутацыі алімпійскага руху.

МАК не будзе запрашаць і даваць акрэдытацыю высокапастаўленым дзяржаўным служачым Беларусі для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях.

2 красавіка Следчы камітэт паведаміў пра распачынанне крымінальнай справы ў дачыненні да вядомай плыўчыхі, кіраўніка Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандры Герасімені і выканаўчага дырэктара фонду, заснавальніка гандбольнага клуба „Віцязь” Аляксандра Апейкіна.

„Згодна са звесткамі следства, вышэйназваныя асобы ў жніўні 2020 года стварылі так званае аб’яднанне „Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці”, абвясціўшы яго мэтамі аказанне фінансавай і юрыдычнай дапамогі спартсменам, прыцягнутым да адказнасці за парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь. На справе Герасіменя і Апейкін, з’яўляючыся адпаведна старшынёй і выканаўчым дырэктарам, распаўсюджвалі яўна лжывыя звесткі пра ход і вынікі выбарчай кампаніі, пра падзеі ў сацыяльнай, эканамічнай, палітычнай і культурнай сферах жыцця грамадства”, — гаварылася ў паведамленні СК.

„У інтэрнэце і сродках масавай інфармацыі звярталіся з заклікамі да замежным дзяржаў і міжнародных арганізацый аб учыненні дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь”, — сцвярджалася ў рэлізе.

„У прыватнасці, — прывёў прыклад СК, — пад націскам членаў вышэйназванага „аб’яднання” з Беларусі перанесеныя шэраг буйных спартыўных мерапрыемстваў (верагодна, гаворка пра чэмпіянат свету па хакеі. — БелаПАН.). У выніку дзеянняў Герасімені і Апейкіна, а таксама іншых асоб нанесены значны іміджавы і фінансавы ўрон, падарваны прэстыж краіны на міжнароднай і палітычнай арэне, дыскрэдытаванае кіраўніцтва спартыўнай галіны і дзяржавы”.

22 красавіка Следчы камітэт абвясціў у вышук Герасіменю і Апейкіна. „Пракурорам санкцыянаванае прымяненне да абодвух абвінавачаных меры стрымання ў выглядзе знаходжання пад вартай. Названыя асобы абвешчаныя ў вышук”, — паведаміў СК.

belapan.by