Кендыш забіў дэбютны мяч за «Рыгу»
Экс-гулец «Шахцёра» Юры Кендыш забіў свой першы мяч за «Рыгу». У межах чэмпіянату Латвіі каманда беларускага паўабаронцы абыграла «Супер Нову» 2:0. Першы гол у матчы забіў экс-нападнік „Тарпеда-БелАЗ” Габрыэль Рамас, а другі – Кендыш. На старце сезона «Рыга» займае трэці радок у нацыянальным чэмпіянаце з 6 ачкамі.
Раман Давыскіба будзе гуляць за „Шахцёр”
Раман Давыскіба стаў гульцом салігорскага „Шахцёра”. Паміж гарнякамі і менскім „Дынама” заключана арэнднае пагадненне тэрмінам да канца сезона. „Раман пачаў займацца футболам у жлобінскай ДЮСШ, адкуль ужо ў 2015 годзе трапіў у маладзёжную сістэму „Дынама-Мінск”. Прайшоўшы юнацкія каманды і дубль, у верасні 2020 года дэбютаваў за дынамаўцаў у вышэйшай лізе. У мінулым чэмпіянаце правёў 26 матчаў. Забіў два галы і зрабіў адну выніковую перадачу”, — зазначае прэс-служба чэмпіёнаў краіны.
Хамутоўскі стаў трэнерам брамнікаў у акадэміі «Сцяўа»
Васіль Хамутоўскі стаў трэнерам брамнікаў у акадэміі румынскага клуба „Сцяўа”. Адзначаецца, што 43-гадовы спецыяліст будзе трэніраваць маладых брамнікаў да заканчэння ваенных дзеянняў ва Украіне.
“Пасля 9 дзён вайны [ва Украіне] паехаў у Польшчу, і там патэлефанаваў Георгій Агэрару. Адразу ж прыняў яго прапанову паклапаціцца аб брамавай пазіцыі ў акадэміі клуба да канца вайны ва Украіне. Адчуваю сябе як дома і не магу дачакацца пачатку працы», – сказаў Хамутоўскі. Нагадаем, што да завяршэння гульнявой кар’еры, Хамутоўскі выступаў у складзе румынскіх «Сцяўа» (2003-2006) і «Петралула» (2011-2013) і выйграваў чэмпіянат і Кубак Румыніі. Папярэднім месцам працы Хамутоўскага быў «Львоў».
З-за парушэння спартовага рэжыму „Мяшкоў Брэст” скасаваў кантракт з Санталавым
„Мяшкоў Брэст” скасаваў кантракт з левым паўсярэднім зборнай Расеі Дзмітрыем Санталавым па пагадненні бакоў з-за парушэння спартовага рэжыму. Пра гэта паведамляе прэс-служба клуба. Санталаў перайшоў у Брэст летам 2020-га. У яго актыве 72 матчы, у якіх ён закінуў 178 мячоў. Нагадаем, што Санталаў выступаў за маладзёжную зборную Расеі, а з 2016 года рэгулярна выклікаецца ў нацыянальную каманду. На студзеньскім чэмпіянаце Еўропы ён закінуў пяць мячоў венграм і два – датчанам. Таксама вызначыўся адным з самых магутных кідкоў (131 км/г) і адным з самых высокіх скачкоў (73 см).
„Нёман” саступіў „Юнацтву” ў 4-м матчы серыі
У рамках плэй-оф Парыматч-Экстралігі гарадзенскі „Нёман” саступіў „Юнацтву” 0:4 у 4-м паўфінальным матчы серыі. Адну з шайбаў закінуў выхаванец гарадзенцаў Аляксандр Паўловіч. Лік у серыі – 1-3 на карысць «Юнацтва»
„Гарызонт” выйграў трэці матч у „Вікторыі” і выйшаў у фінал
У трэцім матчы паўфінальнай серыі чэмпіянату Беларусі па баскетболе сярод жаночых каманд „Гарызонт” узяў верх над „Вікторыяй” з лікам 85:70, забяспечыўшы сабе месца ў фінале. Да гэтага ў двух матчах на сваёй пляцоўцы дзейныя чэмпіёнкі краіны таксама былі мацнейшымі – 115:43 і 113:49. Лік у серыі стаў 0-3. У другой паўфінальнай пары наперад выйшлі баскетбалісткі „Цмокі-Мінск”, якія выйгралі на хатняй пляцоўцы ў яшчэ адной гарадзенскай каманды „Алімпіі” з лікам 73:66. Раней у двух паядынках у Гародні супернікі абмяняліся перамогамі. Чацвёртая сустрэча серыі да трох перамог пройдзе 3 красавіка ў Менску.
Зборная Італіі адмовілася гуляць супраць каманды Расіі ў кваліфікацыі чэмпіянату свету-2023
Федэрацыя баскетбола Італіі заявіла, што яе нацыянальная зборная не выйдзе на пляцоўку ў матчы супраць каманды Расеі ў кваліфікацыі чэмпіянату свету 2023 года. Пра гэта паведамляе Gazzetta.it. Сустрэча мусіць адбыцца 1 ліпеня ў Італіі. Прэзідэнт Алімпійскага камітэта Італіі Джавані Малага падтрымаў рашэнне Федэрацыі. 1 сакавіка ФІБА адхіліла ўсе расейскія зборныя і клубы ад удзелу ў спаборніцтвах пад эгідай арганізацыі. Дзеючыя меры будуць захоўвацца да сярэдзіны траўня, калі арганізацыя правядзе новую ацэнку сітуацыі ва Украіне і прыме адпаведныя рашэнні.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя