ГК „Віцязь-Леон” знялі з чэмпіянату за падтрымку Алены Леўчанкі



Віцебскі гандбольны клуб „Віцязь-Леон”, які адмовіўся згуляць чарговы матч у знак пратэсту супраць арышту баскетбалісткі Алены Леўчанкі, зняты з чэмпіянату. Рашэнне прынялі спартыўна-тэхнічная і галоўная судзейская камісія Беларускай федэрацыі гандбола паводле вынікаў пасяджэння 1 кастрычніка, паведаміла прэс-служба федэрацыі.

Камісіі спаслаліся на пункт 28 палажэння аб XXIX чэмпіянаце і Кубку Рэспублікі Беларусь па гандболе сярод мужчынскіх і жаночых каманд, згодна з якім „калі каманда не з’явілася на гульню з непаважлівай прычыны, то яна здымаецца з чэмпіянату”. Паважлівай прычынай „можа быць прызнаная толькі форс-мажорная падзея”.

„Віцязь-Леон” заявіў, што каментары будуць 2 кастрычніка. „Дзякуем тых, хто быў з намі да канца. Не губляемся!” — такімі словамі завяршаецца паведамленне клуба аб яго зняцці з чэмпіянату.

30 верасня „Віцязь-Леон” павінен быў прыняць магілёўскую каманду „Машэка”. За некалькі гадзін да матча віцебскі клуб паведаміў, што гульня не адбудзецца. „Сённяшняя раніца перад гульнёй была азмрочаная абуральнай навіной: была затрыманая славутая беларуская спартсменка, адзін з лідараў Свабоднага аб’яднання спартсменаў Беларусі SOS by Алена Леўчанка. Гандбольны клуб „Віцязь” лічыць арышт Алены Леўчанкі незаконным. У сувязі з гэтым мы не маем маральнага права выходзіць сёння на пляцоўку”, — гаварылася ў заяве клуба на яго старонцы ў „Фэйсбуку”.

У Беларускую федэрацыю гандбола накіраваны афіцыйны ліст, у якім клуб адмаўляецца праводзіць дамашні матч супраць „Машэкі” з Магілёва. „Асэнсоўваючы магчымыя наступствы, мы свядома робім гэты крок, пратэстуючы супраць беззаконня і гвалтоўнага націску на грамадзян Беларусі”, — гаворыцца ў заяве.

Леўчанка была затрыманая раніцай 30 верасня ў мінскім аэрапорце перад вылетам на лячэнне і рэабілітацыю. Суд Ленінскага раёна сталіцы арыштаваў яе на 15 сутак на падставе арт. 23.34 КоАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Леўчанцы ставіўся ў віну ўдзел у двух масавых мерапрыемствах у Мінску: 23 жніўня на праспекце Незалежнасці і 27 верасня на праспекце Машэрава.

Федэрацыю гандбола з 2006 года ўзначальвае паплечнік Аляксандра Лукашэнкі былы спікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Канаплёў.

belapan.by

Фота: ГК «Віцязь-Леон»