Глеб, Недасекаў, Вяргейчык, Рутэнка, Мірончык-Іванова – у санкцыйным спісе Польшчы
Польскі ўрад увёў санкцыі супраць 24 беларускіх функцыянераў і спартоўцаў. У санкцыйны спіс уключаны ў тым ліку экс-кіраўнік ФХБ Дзмітрый Баскаў, цяперашні кіраўнік федэрацыі Аляксандр Багдановіч, кіраўнік федэрацыі баскетбола Максім Рыжанкоў, іх калегі з федэрацый гандбола і тэніса Уладзімір Канаплёў і Сяргей Рутэнка, кіраўнік федэрацыі пяцібор’я , кіраўнік БФЛА Іван Ціхан, экс-настаўнік зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы Юрый Майсевіч, намеснік міністра спорту Вячаслаў Дурноў, былы гулец зборнай Беларусі па футболе Аляксандр Глеб, чыноўнікі федэрацыі футбола Юрый Вяргейчык і Сяргей Жардзецкі, лёгкаатлеты Максім Недасекаў і Анастасія Кацярына Галкіна, паралімпіец Аляксей Талай. Усім ім забаронены ўезд у Польшчу, а іх рахункі на тэрыторыі краіны замарожаныя.
Івашка прайграў на старце „Ралан Гарос”
Беларус Ілля Івашка не змог прабіцца ў другі раунд адзіночнага разраду адкрытага чэмпіянату Францыі па тэнісе. У першым раундзе Івашка, які займае 73-е месца ў сусветным рэйтынгу, саступіў аўстралійцу Алексу Ды Мінаўру, у якога 19-я пазіцыя, – 1:6, 7:5, 1:6, 3:6.
У другі раўнд жаночага адзіночнага разраду ўжо выйшлі дзве беларускія тэнісісткі. Другая ракетка планеты Арына Сабаленка абыграла ўкраінку Марту Касцюк – 6:3, 6:2 і зараз сустрэнецца з яшчэ адной беларускай тэнісісткай Ірынай Шымановіч, якая перамагла венгерку Панну Удвардзі – 6:7 (6:8) ), 6:3, 6:1. На корты „Ралан Гарос” таксама выйдзе Вікторыя Азаранка, якая ў 1/64 фіналу сустрэнецца з прадстаўніцай Канады Б’янкай Андрэеску.
„Сталіца” выйшла наперад у фінале чэмпіянату Беларусі па міні-футболе
Спартоўцы „Сталіцы” святкавалі валявую перамогу ў гасцях у гомельскага ВРЗ – 4:3 і выйшлі наперад у фінальнай серыі 34-га чэмпіянату Беларусі па міні-футболе.
Першая гульня за чэмпіёнскі тытул пачалася з націску гаспадароў пляцоўкі, і ўжо да 5-й хвіліны яны двойчы забілі мінчанам: лік адкрыў Іван Заяц-Маціеўскі, а затым вызначыўся Дзмітрый Лось. Госці не збіраліся здавацца, і на 13-й хвіліне Алег Гарбенка скараціў разрыў, а ў пачатку другога тайма ён жа аднавіў парытэт. Пасля гэтага абедзве каманды шмат атакавалі, але ў выніку поспеху дамагліся мінчане. На 31-й хвіліне сустрэчы Аляксандр Умпіровіч забіў трэці мяч у браму ВРЗ, а на апошняй хвіліне асноўнага часу вызначыліся галкіперы: Максім Трафімовіч у чацвёрты раз забіў гамяльчанам, а потым яго калега Юрый Дзегцярэнка ўсталяваў канчатковы лік – 4:3 на карысць дзеючых чэмпіёнаў краіны. Другі паядынак залатой серыі адбудзецца 2 чэрвеня ў мінскім спарткомплексе „Уручча”, а 6 чэрвеня каманды зноў сустрэнуцца ў Гомелі. Серыя за золата працягнецца да трох вікторый адной з каманд.
„Аль-Хілаль” прапануе Месі 1,2 мільярда еўра на два гады
Ліянэль Месі схіляецца да пераходу ў „Аль-Хілаль”.
Як паведамляе Foot Mercato, аргентынскі форвард „ПСЖ” выбірае паміж „Барселонай” і клубам з Саудаўскай Аравіі і зараз усё больш схіляецца да другога варыянту.
Каманда з Эр-Рыяда прапанавала аргенцінцу двухгадовы кантракт на суму 1,2 мільярда еўра
З зарплатай 600 мільёнаў еўра за год Месі стане самым высокааплатным спартоўцам у свеце. Бацька і брат Ліянэля, якія прадстаўляюць яго інтарэсы, атрымаюць найбуйнейшыя камісійныя ў гісторыі футбола. Сцвярджаецца, што Хорхе Месі ўжо прыняў прапанову. Футбаліст яшчэ спадзяецца, што „Барселона” нешта зробіць у бліжэйшы час.
Беларускае Радыё Рацыя
