Гол Левандоўскага дапамог „Баварыі” разграміць „Чэлсі”



Футбалісты мюнхенскай „Баварыі” разграмілі ў гасцях лонданскі „Чэлсі” з лікам 3:0 у матчы 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў. У першым тайме сустрэчы ў ангельскай сталіцы супернікі галы не забілі, а пасля перапынку лідары бундэслігі тройчы засмуцілі брамніка гаспадароў. Галявы дубль аформіў Серж Гнабры, а потым свой 11-ы гол у гэтым турніры забіў польскі нападнік Роберт Левандоўскі. У Неапалі футбалісты італьянскага „Напалі” згулялі ўнічыю з „Барселонай” – 1:1. У першым тайме Дрыс Мертэнс вывеў гаспадароў наперад, а ў другой палове гульні Антуан Грызман аднавіў раўнавагу. Яшчэ дзве сустрэчы 1/8 фіналу чэмпіёнскай Лігі адбудзецца сёння: мадрыдскі „Рэал” прымае „Манчэстар Сіці”, а французскі „Ліён” згуляе з турынскім „Ювентусам”.

„Нёман” падпісаў кантракт з другім бамбардзірам першай лігі

Нападнік Дзмітрый Іваноў 1997 года нараджэння заключыў трохгадовы кантракт з гарадзенскім „Нёманам”. Папярэднім клубам футбаліста была „Орша”, якая выступае ў першай лізе чэмпіянату Беларусі. У мінулым сезоне Іваноў правёў 17 мячоў у 27 матчах і заняў другое месца ў спісе бамбардзіраў першай лігі, – паведамляе афіцыйны сайт „Нёмана”. Раней „Нёман” абвясціў аб пераходзе кыргызскага паўабаронцы Эміра Шыгайбаева.

Менскае „Дынама” прайграла „Лакаматыву”, усталяваўшы антырэкорд КХЛ па колькасці прапушчаных за рэгулярны сезон шайбаў

Хакеісты менскага „Дынама” прайгралі яраслаўскаму „Лакаматыву” ў перадапошнім хатнім матчы чэмпіянату КХЛ з лікам 3:5. У складзе «зуброў» закінутымі шайбамі адзначыліся Паўловіч, Спунэр і Эліот . Менскія дынамаўцы ўсталявалі антырэкорд КХЛ па колькасці прапушчаных шайбаў на працягу рэгулярнага сезону. У сезоне-2008/2009 „Віцязь” прапусціў 225 шайбаў. У пасіве мінскага „Дынама” пасля гэтай паразы стала ўжо 229 прапушчаных шайб. Да таго ж, „зубры” датэрмінова занялі апошняе месца ў КХЛ. За адзін матч да канца рэгулярнага чэмпіянату на рахунку падначаленых Крэйга Вудкрафта 37 ачкоў. У рыжскага „Дынама”, якое займае перадапошняе месца ў агульнай табліцы КХЛ, на 4 балы больш. Менская каманда ўпершыню ў гісторыі свайго выступу ў КХЛ фінішуе на апошнім месцы.

Сабаленка і Мёртэнс выйгралі ў Фліпкенс і Матэк-Сандс

Беларуска-бельгійскі дуэт Арына Сабаленка / Эліс Мёртэнс перамог бельгійска-амерыканскую пару Кірстэн Фліпкенс / Бетані Матэк-Сандс ў матчы другога раўнду турніру ў Досе – 6:7, 6:2, 10:7. У наступным раўндзе Сабаленка і Мёртэнс будуць змагацца з канадскім-латвійскім дуэтам Габрыэла Даброўскі / Алена Астапенка.

МАК можа адмяніць такійскую Алімпіяду-2020

Член Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) Дзік Паўнд заявіў, што рашэнне па правядзенні Алімпійскіх гульняў-2020 у Токіо будзе прынятае праз тры месяцы. Успышка захворвання, выкліканага новым каранавірусам, была зафіксавана ў канцы снежня 2019-га. Зараз хвароба распаўсюдзілася па ўсім свеце. „Чакаем да канца траўня. Спадзяюся, што эпідэмія апынецца пад кантролем. Калі не, разгледзім пытанне адмены спаборніцтваў”, – як перадае gazeta.ru, паведаміў Паўнд.

Раней стала вядома пра тое, што Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый УЕФА можа адмяніць Еўра-2020 з-за каранавіруса.

Беларускае Радыё Рацыя