Гол Месі не дапамог Аргенціне перамагчы Чылі



У Рыа-дэ-Жанейра адбыўся матч першага тура групы А Кубка Амерыкі паміж зборнымі Аргентыны і Чылі. Сустрэча завяршылася ўнічыю – 1:1.

Лік у матчы быў адкрыты на 33-й хвіліне сустрэчы зорным аргентынскім форвардам Ліянэлем Месі, які адправіў мяч у сетку брамы чылійцаў пасля ўдару са штрафнога. На 57-й хвіліне форвард Чылі Эдуарда Варгас апынуўся хучэй на дабіванні пасля адбітага галкіперам зборнай Аргентыны пенальці ў выкананні Артура Відаля. Больш вызначыцца ў гэтай гульні камандам не ўдалося.

Беларускія футбалісткі згулялі ўнічыю з узбечкамі ў таварыскім матчы

Футбалісткі жаночай зборнай Беларусі не змаглі ўтрымаць перамогу над камандай Узбекістана ў таварыскім матчы ў Віцебску. Беларускі нядрэнна пачалі сустрэчу і ўжо на 14-й хвіліне Карына Альховік адкрыла лік пасля дакладнай перадачы капітана каманды Анастасіі Лінік. Аднак гэты гол апынуўся адзіным для каманды Юрыя Малеева. Пасля перапынку госці здолелі зраўняць лік – на 70-й хвіліне сустрэчы вызначылася Людміла Карачык – 1:1.

Івашка саступіў Федэрэру ў 1/16 фіналу тэніснага турніру ў Гале

Беларускі тэнісіст Ілля Івашка завяршыў выступы на турніры катэгорыі АТР-500 у нямецкім Гале з прызавым фондам больш за мільён 300 тысяч еўра. У 1/16 фіналу беларус прайграў у двух партыях швейцарскаму тэнісісту Роджеру Федэрэру – 6:7 (4: 7), 5:7. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 35 хвілін. Беларускія тэнісісткі Вікторыя Азаранка і Арына Сабаленка паспяхова стартавалі ў парным разрадзе турніру катэгорыі WTA-500 у Берліне з прызавым фондам 565,5 тысяч даляраў. Беларускі тандэм у матчы 1/8 фіналу упэўнена перайграў чэшскі дуэт Караліна Мухава / Караліна Плішкава – 6:1, 6:3. У чвэрцьфінале Азаранка і Сабаленка сустрэнуцца з харвацкай-амерыканскай парай Петра Марціч / Шэлбі Роджэрс.

Беларускае Радыё Рацыя