“Гол Радзівонава не павінен быць залічаны…”
Спецыялісты далі ацэнку спрэчнай сітуацыі ў матчы паміж барысаўскім БАТЭ і гарадзенскім “Нёманам”.
Нагадаем, што ў 29-м туры першынства Беларусі па футболе барысаўскі БАТЭ здабыў перамогу над гарадзенскім «Нёманам» — 3:1, але ў выпадку з другім голам суддзі не заўважылі, як барысаўскі нападнік Віталь Радзівонаў падыграў сабе рукой. Спрэчны момант выклікаў скандальны рэзананс, а сам футбаліст выказаўся, што, маўляў, забіў гол правільна.
“Не зусім этычна ацэньваць дзеянні калег, але гол Радзівонава не павінен быць залічаны, – распавёў на ўмовах ананімнасці адзін вядомы беларускі арбітр. – Футбаліст падыграў мяч рукой, а пасля яго забіў у браму. Але, напэўна, у гэты момант суддзя заняў няўдалую пазіцыю, ён быў перакрыты ігракамі і не бачыў момант, калі Радзвіонаў згуляў рукой. Незразумела толькі, чаму не дапамог разабрацца ў сітуацыі памочнік суддзі, які стаяў побач. І калі футбаліст кажа, што яго рука знаходзілася “ў натуральным становішчы”, гэта таксама не апраўданне. На ўсіх семінарах суддзям тлумачаць элементарнае правіла – калі мяч трапляе ў штрафной у руку нападніка, трэба даваць свісток”.
Па словах яшчэ аднаго арбітра, у гэтай сітуацыі не варта шукаць “падводныя камяні”, ролю згуляў чалавечы фактар.
“Суддзя проста не бачыў момант з Радзівонавым, а таму і не даў свісток пра фол”, – дадаў ён.
А вось футбаліст гарадзенскага “Нёмана” Павел Савіцкі пракаментаваў сітуацыю даволі эмацыйна: “Віншую з чарговым купленым чэмпіёнствам! Нічога новага”.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота by.tribuna.com