Гол Уладзіміра Хвашчынскага прынёс футбалістам „Менска” перамогу над „Слуцкам”



Футбалісты „Менска” адолелі „Слуцк” з мінімальнай перавагай 1:0 у апошнім матчы 11-га тура чэмпіянату Беларусі. Менчукі ў двух папярэдніх турах не гулялі і з асаблівым настроем выйшлі на поле сталічнага стадыёна „Трактар”. Іх стартавы парыў прынёс поспех на 6-й хвіліне, калі адзначыўся вопытны форвард гаспадароў Уладзімір Хвашчынскі. Затым перавагай завалодалі госці, але ніводны з іх шматлікіх нападаў так і не скончыўся ўзяццем брамы. Футбалісты „Слуцка” зведалі трэцюю паразу ў чатырох апошніх паядынках.

Павел Савіцкі – лепшы гулец 11-га тура

Нападнік берасцейскага „Дынама” Павел Савіцкі быў абраны рэдакцыяй „Прессбола” самым карысным гульцом 11-га тура. У матчы з „Рухам” форвард не ўвайшоў у лік 11 гульцоў, якія пачалі сустрэчу. Аднак Савіцкі выйшаў на поле ў другім тайме пры ліку 1:1 і за 16 хвілін аформіў дубль, забяспечыўшы „Дынама” перамогу, якая ўзняла чэмпіёна ўжо на шосты радок у табліцы. Ад трэцяга месца берасцейцаў аддзяляюць пяць ачкоў, ад лідыруючага БАТЭ – дзевяць.

Кірыл Кірыленка расстаўся з „Карпатамі”

Львоўскія „Карпаты” абвясцілі аб спыненні супрацоўніцтва з беларускім форвардам Кірылам Кірыленкам. Кантракт разарваны па ўзаемнай згодзе бакоў, паведамляе афіцыйны сайт клуба. Кірыленка выступаў за „Карпаты” з ліпеня 2019-га і ўсяго згуляў за львоўскі клуб 5 матчаў.

Беларуская федэрацыя футбола пачала акцыю па падтрымцы юных гульцоў

Асацыяцыя „Беларуская федэрацыя футбола” пачала чарговую акцыю па падтрымцы спецыялізаваных вучэбна-спартовых устаноў. Падчас акцыі юныя футбалісты са 116 спецыялізаваных школ ва ўсіх рэгіёнах краіны атрымаюць каля 7 тысяч новых мячоў. Першымі іх уладальнікамі сталі выхаванцы футбольных ДЮСШ Берасцейскай вобласці, якім інвентар уручыў старшыня АБФФ Уладзімір Базанаў. У бліжэйшы час акцыя працягнецца ў іншых абласных центрах.

Канстанцін Кальцоў стаў галоўным трэнерам „Дынама-Маладэчна”

Беларускі спецыяліст Канстанцін Кальцоў узначаліў „Дынама-Маладэчна”. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт клуба. Пасля завяршэння кар’еры гульца Кальцоў працаваў асістэнтам у менскім „Дынама”, узначальваў „Берасце”. У мінулым сезоне галоўным трэнерам „Дынама-Маладэчна” быў Дзмітрый Краўчанка.

Беларускае Радыё Рацыя