Гол Ягора Зубовіча вывеў „Нёман” у чвэрцьфінал Кубка Беларусі



Гарадзенскі „Нёман” стаў сёмым удзельнікам чвэрцьфінальнай стадыі розыгрышу Кубка Беларусі па футболе. У хатнім паядынку 1/8 фіналу каманда Ігара Кавалевіча адолела гасцей з мазырскай „Славіі” з мінімальнай перавагай – 1:0. Перамогу гаспадарам прынёс Ягор Зубовіч, які вызначыўся на 80-й хвіліне сустрэчы. Неўзабаве ў мазыран будзе магчымасць узяць рэванш – 5 лістапада яны прымуць „Нёман” у матчы 27-га тура чэмпіянату краіны. Апошні чвэрцьфіналіст кубкавага турніру вызначыцца 7 лістапада пасля сустрэчы барысаўскага БАТЭ і прадстаўніка 1-й лігі нацыянальнага першынства „Астраўца”. Раней у чвэрцьфінал прабіліся жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ”, мінскае „Дынама”, салігорскі „Шахцёр”, „Мінск”, „Іслач” з Мінскага раёна, а таксама дзве каманды другога дывізіёна – „Віцебск” і магілёўскае „Дняпро”.

«Манчэстэр Юнайтэд» разгромна прайграў «Ньюкаслу» у матчы Кубка англійскай лігі

„Манчэстэр Юнайтэд” пацярпеў разгромную паразу ў 1/8 фіналу Кубка англійскай лігі з „Ньюкаслам”, Сустрэча прайшла ў Манчэстэры на стадыёне „Олд Трафард” і скончылася разгромнай перамогай гасцей з лікам 3:0. У складзе пераможцаў вызначыліся Мігель Альмірон, Льюіс Хол і Джо Уілак. Такім чынам, „Ньюкасл” выйшаў у чвэрцьфінал турніру, а „Манчэстэр Юнайтэд” завяршыў удзел у Кубку лігі. «Баварыя» сенсацыйна вылецела з Кубка Нямеччыны, прайграўшы клубу з Трэцяй лігі «Саарбрукен» на 6-й даданай хвіліне гульні з лікам 1:2. Першы мяч быў забіты на 16-й хвіліне матча, калі паўабаронца Томас Мюлер вывеў мюнхенцаў наперад. У кампенсаваны час першага тайма «Саарбрукен» параўняў лік. Забітым мячом вызначыўся паўабаронца Патрык Зонтхаймер. Яму асіставаў Лукас Бёдэр. У самым канцы гульні, а менавіта на 6-й даданай хвіліне хаўбек «Саарбрукена» Марцэль Гаўс вырваў перамогу для сваёй каманды, забіўшы Мануэлю Ноеру.

Гандбалісты Беларусі перамаглі расейцаў у першым дамашнім спарынгу

Гандбалісты зборнай Беларусі абыгралі каманду Расеі ў першым таварыскім паядынку. Сустрэча ў магілёўскім спарткомплексе „Алімпіец” прайшла з перавагай гаспадароў, якія да перапынку адарваліся ад супернікаў на 4 мячы – 15:11. У другой палове сустрэчы госці некалькі разоў скарачалі разрыў да мінімуму, але ў выніку падначаленыя Юрыя Шаўцова выйгралі 32:28. Лепшым у складзе беларусаў стаў Арцём Каралёк, які 6 разоў закінуў супернікам. Другі спарынг беларускіх і расейскіх гандбалістаў пройдзе 3 лістапада ў Гомелі, а 5 лістапада каманды будуць супернічаць у Менску. Уваход на ўсе гульні свабодны.

Сныціна ўвайшла ў топ-3 па ачках у гісторыі Еўракубка

Беларуская баскетбалістка «Лондан Лаянз» Кацярына Сныціна набрала 8 ачкоў у матчы Еўракубка супраць «Гдэсы Барэйру», які яе каманда выйграла 79:60. Такім чынам Сныціна ўвайшла ў топ-3 Еўракубка па ачках у гісторыі. У яе 1114 ачкоў, у лідара Шэй Доран 1256.

Беларускае Радыё Рацыя