„Гомель” абыграў футбалістаў „Віцебска” у паўфінале Кубка Беларусі
Футбалісты „Гомеля” абыгралі „Віцебск” 2:0 у хатнім паўфінальным матчы розыгрышу Кубка Беларусі. У канцы першай паловы гульні Кірыл Ермаковіч адкрыў лік, а неўзабаве пасля перапынку Ілля Алексіевіч забіў другі мяч у браму віцебчукоў.
Жаночая зборная Беларусі прапусціла пяць мячоў ад ісландак
Жаночая зборная Беларусі пацярпела разгромную паразу ад каманды Ісландыі ў матчы кваліфікацыі чэмпіянату свету 2023 па футболе з лікам – 0:5. Паядынак праходзіў у Бялградзе. Вільх’ямздоцір аформіла дубль. Беларускі маюць 4 ачкі пасля 4 гульняў і займаюць перадапошняе месца ў турнірнай табліцы. Лідаруе як раз зорная Ісландыі.
„Барселона” і „Айнтрахт” згулялі ўнічыю ў першым матчы 1/4 фіналу Лігі Еўропы
На стадыёне „Дойчэ Банк Парк” у Франкфурце ў першым матчы 1/4 фіналу Лігі Еўропы „Айнтрахт” прымаў „Барселону”. Каманды згулялі ўнічыю – 1:1. Лік быў адкрыты ў пачатку другога тайма. На 48-й хвіліне вызначыўся нападнік франкфурцкага „Айнтрахта” Ансгар Кнауф. На 66-й хвіліне мяч у адказ забіў форвард «Барсы» Феран Торэс, яму асіставаў Фрэнкі дэ Ёнг. На 78-й хвіліне другую жоўтую картку атрымаў абаронца „арлоў” Тута. Сустрэча ў адказ пройдзе 14 красавіка на стадыёне «Камп Ноў» у Барселоне. У іншых матчах Лігі Еўропы „Вест Хэм” разыйшоўся мірам з „Ліёнам” 1:1, таксама як і «Лейпцыг» з «Аталантай», „Брага” адолела „Рэйнджэрс” – 1:0
Арына Сабаленка не выйшла ў 1/4 фіналу турніру ў Чарльстане
Пятая ракетка свету Арына Сабаленка не змагла прабіцца ў чвэрцьфінал турніру катэгорыі WTA-500 з прызавым фондам 888 тысяч даляраў у амерыканскім Чарльстане. У 1/8 фіналу беларуска саступіла ў трохсэтавым паядынку прадстаўніцы ЗША Амандзе Анісімавай – 6:3, 4:6, 3:6. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 45 хвілін.
„Шахцёр” на тай-брэйку абыграў „Будаўнік” у першым матчы фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі
„Шахцёр” на тай-брэйку абыграў „Будаўнік” у першым матчы фінальнай серыі мужчынскага чэмпіянату Беларусі па валейболе — 3:2. Другая сустрэча пройдзе ў Менску 13 красавіка. Лік у серыі да трох перамог 1-0.
Беларускае Радыё Рацыя