„Гомель” абыграў „Юнацтва” у матчы беларускай хакейнай экстралігі
Матчамі ў Салігорску, Магілёве і Гомелі пасля тыднёвай паўзы працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. У цэнтральным паядынку вечара „Гомель” прымаў сталічнае „Юнацтва”. Пераможцу ў асноўны час супернікі не змаглі. Авертайм таксама завяршыўся без закінутых шайбаў, а ў серыі булітаў дакладней апынуліся гамяльчане – 4:3. Такім чынам, „Юнацтва” ўпусціла першы радок турнірнай табліцы: адзінаасобным лідэрам экстралігі стаў салігорскі „Шахцёр”, які на сваім лёдзе не пакінуў шанцаў „Лідзе” – 4:0. У яшчэ адной гульні панядзелка „Віцебск” у гасцях нанёс паразу аўтсайдэру лігі „Магілёву” з лікам 7:3. Характэрна, што ўсе сем шайбаў паўночнікаў закінулі сем розных гульцоў, затое адразу чатыры дзейныя перадачы аддаў Віктар Туркін.
Дзяржынскі „Арсенал” стаў гаспадаром першага пераходнага матча з рагачоўскім „Макслайнам”
У менскім Доме футбола адбылося лёсаванне пераходных паядынкаў за права выступаць у вышэйшай лізе футбольнага чэмпіянату Беларусі ў 2023 годзе. У першым матчы заўтра дзяржынскі „Арсенал”, які заняў 14-е месца ў элітным дывізіёне, прыме прадстаўніка першай лігі нацыянальнага першынства рагачоўскі „Макслайн”. Сустрэча ў адказ адбудзецца 20 лістапада ў Рагачове.
Рублёў перамог Мядзведзева на выніковым турніры АТР
На выніковым турніры Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР) у італьянскім Турыне завяршаецца праграма першага тура. На старце спаборніцтваў „Чырвонай” групы 7-ы нумар сусветнага рэйтынгу расеец Андрэй Рублёў адолеў у трохсэтавым паядынку свайго суайчынніка Данііла Мядзведзева – 6:7 (7:9), 6:3, 7:6 (9:7). У заключнай сустрэчы першага тура грэк Стэфанас Цыцыпас згуляе з сербам Новакам Джокавічам.
Сабаленка за сезон зарабіла 2.5 мільёны даляраў
Першая ракетка Беларусі Арына Сабаленка зарабіла за сезон 2.5 мільёны даляраў. Адпаведны рэйтынг апублікаваў партал Relevant Tennis. Сабаленка дзеліць шостае месца з Марыяй Сакары з Грэцыі, на першым радку — польская тэнісістка Іга Свёнтэк, якая зарабіла 9 мільёнаў 900 тысяч даляраў.
„Манчэстэр Юнайтэд” аштрафуе Раналду на мільён еўра за скандальнае інтэрв’ю
„Манчэстэр Юнайтэд” аштрафуе нападніка Крышціяну Раналду на 1 мільён 140 тысяч еўра за скандальнае інтэрв’ю, інфармуе Metro. Таксама паведамляецца, што клуб можа адпусціць Раналду да пачатку студзеньскага трансфернага акна. Раней у інтэрв’ю выданню The Sun 37-гадовы форвард заявіў, што не паважае галоўнага трэнера „МЮ” Эрыка тэн Хага, бо не атрымлівае павагі ў адказ. У бягучым сезоне партугалец правёў 16 матчаў за ангельскі клуб, у якіх забіў тры галы і зрабіў дзве выніковыя перадачы.
Беларускае Радыё Рацыя