„Гомель” пазбаўлены пяці ачкоў у сезоне-2020 з-за дамоўных матчаў



16 красавіка адбылося чарговае пасяджэнне Камітэта кантрольна-дысцыплінарнага і па этычных пытаннях Асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола”. Паводле яго вынікаў, „Гомель” быў пазбаўлены пяці ачкоў у сезоне 2020 года з-за дамоўных матчаў.

Чэмпіянат Еўропы па фехтаванні, які павінен быў прайсці ў Менску, перанесены

Чэмпіянат Еўропы па фехтаванні, які павінен быў прайсці ў Менску з 16 па 21 чэрвеня 2020 года, перанесены на больш позні тэрмін. Пра гэта паведаміў старшыня Беларускай федэрацыі фехтавання Дзмітрый Шычко.

„Мы атрымалі ліст прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі фехтавання (FIE) Алішэра Усманава, дзе паведамляецца пра рашэнне FIE аб адмене з-за пандэміі ўсіх міжнародных спаборніцтваў, якія запланаваны на перыяд з красавіка па чэрвень, – сказаў Дзмітрый Шычко. Планавалася, што ў Менск прыедуць усе наймацнейшыя спартоўцы кантынента, якія павінны былі разыграць 12 камплектаў узнагарод у індывідуальным і камандным першынствах па фехтаванні на шпагах, рапірах і шаблях.

ЕГФ пераносіць „фінал чатырох” мужчынскай Лігі чэмпіёнаў на 28 і 29 снежня

Афіцыйны сайт ЕГФ паведамляе пра перанос „фіналу чатырох” мужчынскай Лігі чэмпіёнаў, які планавалася правесці ў Кёльне 22 і 23 жніўня. Устаноўлены новыя даты матчаў – 28 і 29 снежня 2020 года. Квіткі, якія былі набытыя, застаюцца сапраўднымі.

– Гэтае рашэнне падтрымана большасцю клубаў на каардынацыйнай нарадзе. Усе хацелі завяршыць гэты турнір менавіта ў 2020 годзе, – сказаў кіраўнік ЕГФ Міхаэль Відарэр.

Арганізатары „Тур дэ Франс” назвалі даты правядзення гонкі ў 2020 годзе

Велашматдзёнка „Тур дэ Франс” у 2020 годзе пройдзе з 29 жніўня па 20 верасня. Маршрут гонкі застанецца без змен. Яна стартуе ў Ніцы і фінішуе ў Парыжы. Першапачаткова „Тур дэ Франс” у гэтым годзе павінен быў прайсці з 27 чэрвеня па 19 ліпеня, аднак гонку было вырашана адкласці ў рамках барацьбы з распаўсюдам каронавіруса.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота football.by