Гомельскі БЧ выйшаў у паўфінал чэмпіянату Беларусі па міні-футболе



Гомельскі БЧ стаў першым удзельнікам паўфінальнай стадыі чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. На пляцоўцы гомельскага палаца гульнявых відаў спорту ў паядынку ў адказ чвэрцьфіналу гаспадары абыгралі гарадзенскі „УУС-Дынама” з лікам 3:2. У сярэдзіне другога тайма гамельчукі вялі 3:0, але затым Дзмітрый Шыманоўскі аформіў галявы дубль, скараціўшы разрыў да мінімуму. У Гародні БЧ таксама перамог з лікам 5:2.

Беларускі трэнер „Зеніта” Юрый Жаўноў вярнуўся ў Санкт-Пецярбург і сышоў на каранцін

Трэнер брамнікаў пецярбургскага „Зеніта” Юрый Жаўноў вярнуўся з Беларусі ў Санкт-Пецярбург і знаходзіцца на каранціне. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе „зенітаўцаў”. Раней галоўны трэнер „Зеніта” Сяргей Сямак паведаміў, што Жаўноў стаў адзіным прадстаўніком клуба, які адправіўся за мяжу падчас паўзы ў чэмпіянаце. Усе астатнія футбалісты і трэнеры „сіне-бела-блакітных” знаходзіліся на самаізаляцыі ў Пецярбургу. Сезон расейскай прэм’ер-лігі (РПЛ) быў спынены 17 сакавіка з-за пандэміі каронавіруса і будзе адноўлены 21 чэрвеня.

Футбалісткі „Дынама-БДУФК” і „Нёмана” ідуць без страт у чэмпіянаце Беларусі

Пасля чатырох тураў жаночага чэмпіянату Беларусі па футболе без страт ідуць сталічнае „Дынама-БДУФК” і гарадзенскі „Нёман”. Дэбютанткі першынства дынамаўскія спартоўкі, якіх трэніруе экс-настаўнік „Менска” Юрый Малееў, здолелі перамагчы яго былых падначаленых з лікам 2:1. Да гэтага футбалісткі „Менска” у апошні раз прайгравалі ў чэмпіянаце краіны 24 жніўня 2018 года. Гарадзенскі „Нёман” сваю чацвёртую перамогу ў гэтым сезоне здабыў у Магілёве, адолеўшы мясцовы „Днепр” з мінімальнай перавагай 1:0.

48-гадовы Ярамір Ягр у наступным сезоне можа згуляць за „Тршынец”

Знакаміты чэшскі нападнік Ярамір Ягр можа правесці наступны сезон у „Тршынецэ”. У паслугах 48-гадовага хакеіста зацікаўлены спартовы дырэктар клуба Ян Петэрэк. У мінулым сезоне Ягр правёў 38 матчаў у рэгулярным чэмпіянаце Чэхіі ў складзе „Кладна”, закінуўшы 15 шайбаў і зрабіўшы 14 выніковых передач. Усяго за кар’еру Ягр правёў 1733 гульні ў НХЛ. На яго рахунку 766 закінутых шайбаў і 1155 перадач.

Беларускае Радыё Рацыя