Град галоў у Мазыры



У першым матчы 14 туру, які адкрыў другі круг беларускага футбольнага першынства, чэмпіён краіны барысаўскі БАТЭ адолеў у Мазыры мясцовую „Славію” – 5:3. Пасля „ашчадных” вікторый у бальшыні сустрэч чэмпіянату барысаўцы спярша па-сапраўднаму парадавалі сваіх прыхільнікаў градам галоў, а ў канцоўцы напрапускалі самы.

Да 39-й хвіліны гаспадары поля трымаліся, пакуль брамніка Мікалая Раманюка не „размачыў” Віталь Радзівонаў. Яшчэ праз 2 хвіліны гэты форвард аддаў пас на выхад Ігару Стасевічу, які не схібіў. У другой палове той жа Радзівонаў на 57-й хвіліне павялічыў перавагу БАТЭ. У нападніка стала 7 забітых мячоў у чэмпіянаце. Неўзабаве вызначыўся Аляксандар Карніцкі – 4:0. „Славія”, якая выступала ўжо без Дзяніса Лапцева, лепшага снайпера бягучага першынства, які падаўся па легіянерскі хлеб у Расею, і траўмаванага Алега Страхановіча, выглядала зусім блякла.

На 74-й хвіліне выйшаўшы на замену Мікалай Сігневіч забіў пяты мяч. І толькі пасля гэтага мазырцы ўзяліся за справу і ажно тройчы дамагліся поспеху – галы на рахунку Дзяніса Трапашкі (два) і грузіна Давіда Чыгоева. Цікава, што да гэтага БАТЭ прапусціў у 13 паядынках усяго адзін мяч.

Беларускае Радыё Рацыя