Гросмайстру Уладзіславу Кавалёву нацыянальная федэрацыя адмовіла ва ўдзеле ў Кубку свету



Гросмайстру Уладзіславу Кавалёву нацыянальная федэрацыя адмовіла ва ўдзеле ў Кубку свету, каб паехаў «свой».  „Было прынята рашэнне аб выдзяленні кожнай нацыянальнай федэрацыі па адным месцы на Кубак свету. Я пра гэта даведаўся выпадкова і адразу ж напісаў заяву на выканкам федэрацыі з просьбай прадаставіць гэтае месца мне на той падставе, што я з’яўляюся лідарам нацыянальнай зборнай і самым маладым гросмайстрам Беларусі. Фактычна ў Беларусі ніякага афіцыйнага адбору да Кубка свету не праводзілася. У выніку мая заява была праігнараваная, яе не разглядалі на выканкаме і не ставілі на галасаванне. Я атрымаў адпіску, што на Кубак свету паедзе чэмпіён Беларусі гэтага года, Ступак Кірыл, сябра зборнай, 10 нумар па рэйтынгу, але затое свой”, – распавёў Уладзіслаў Фонду спартовай салідарнасці.

Дзмітрый Асанаў завяршыў выступленне на Алімпіядзе ў Токіо

На Алімпіядзе ў Токіо больш не засталося беларускіх баксёраў. Апошнім завяршыў выступленне Дзмітрый Асанаў, які выступае ў катэгорыі да 63 кілаграмаў. У рамках 1/8 фіналу ён прайграў прадстаўніку Бразіліі Вандерсану дэ Алівейра раздзельным судзейскім рашэннем – 2:3.

Эльвіра Герман прабілася ў паўфінал на дыстанцыі 100 метраў з бар’ерамі

Эльвіра Герман выйшла ў паўфінал Алімпіяды-2020 на дыстанцыі 100 метраў з бар’ерамі. У сваім кваліфікацыйным забегу беларуска фінішавала чацвёртай і наўпрост адабралася ў наступны раўнд. У зводнай табліцы Герман паказала 18-ы вынік. Паўфінальныя забегі пройдуць 1 жніўня.

Карэньё-Буста стаў бронзавым прызёрам алімпійскага тэніснага турніру

На алімпійскім тэнісным турніры разыгрывалі чарговыя медалі. У матчы за бронзу мужчынскага адзіночнага разраду іспанскі тэнісіст Пабла Карэньё-Буста, які займае 11-е месца ў сусветным рэйтынгу, абыграў у трохсэтавым паядынку першую ракетку планеты серба Новака Джокавіча – 6:4, 6:7 (6:8), 6:3 . 1 жніўня ў вырашальным паядынку за тытул алімпійскага чэмпіёна расейскі тэнісіст Карэн Хачанаў (25-ы нумар сусветнага рэйтынгу) згуляе з пятай ракеткай свету Аляксандрам Зверавым з Нямеччыны.

Беларускае Радыё Рацыя