Гурцыеў заваяваў серабро чэмпіянату свету ў Баку



У сталіцы Азербайджана Баку працягваецца чэмпіянат свету па тэквандо, на які пад нейтральным сцягам дапушчаны беларускія спартоўцы.

Фота: Мінспорт

На галоўны старт сезону ў якасці нейтральных атлетаў трапілі дзевяць беларускіх тхэквандыстаў. У другі дзень спаборніцтваў мужчыны вызначалі наймацнейшых у вагавой катэгорыі да 58 кг, дзе выступаў беларус Георгій Гурцыеў. Яго супернікам у баі за золата стаў прадстаўнік Рэспублікі Карэя Ба Джун-Се, які і святкаваў перамогу. Такім чынам, Георгій Гурцыеў – са срэбрам, гэты медаль чэмпіянату свету стаў для беларускага тхэквандо першым з 2015 года.

Азаранка саступіла на старце French Open

На парыжскіх кортах „Ралан Гарос” працягваюцца матчы другога ў сезоне тэніснага турніру серыі „Вялікага шлема” – адкрытага чэмпіянату Францыі. У першым раўндзе жаночага адзіночнага разраду 18-ы нумар сусветнага рэйтынгу беларуска Вікторыя Азаранка сустракалася з 42-й ракеткай планеты прадстаўніцай Канады Б’янкай Андрэеску і саступіла ў трохсэтавым паядынку – 6:2, 3:6, 4:6. Матч працягваўся 2 гадзіны 30 хвілін. Першая ракетка свету полька Іга Швёнтэк нанесла паразу іспанцы Крысціне Бучэ з лікам 6:4, 6:0. Другі нумар рэйтынгу АТП Данііл Мядзведзеў  пацярпеў сенсацыйную паразу ад 172-й ракеткі свету
бразільца Цьяга Уайлду з лікам 6:7 (5), 7:6 (6), 6:2, 3:6, 4:6.
Матч доўжыўся 4 гадзіны 15 хвілін.

Карпіцкі прызнаны лепшым гульцом 10-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі

Нападнік салігорскага „Шахцёра” Ягор Карпіцкі прызнаны лепшым гульцом 10-га тура чэмпіянату Беларусі па версіі асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола”. У пераможным хатнім паядынку з бабруйскай „Белшынай” 19-гадовы форвард салігорскай каманды аформіў хет-трык і выйшаў у лідары бамбардзірскай гонкі, маючы ў сваім актыве 10 забітых мячоў. Ягор Карпіцкі таксама стаў аўтарам самага прыгожага гола мінулага тура. У сярэдзіне першай паловы гульні пры ліку 1:1 ён абыграў трох гульцоў гасцей і вывеў сваю каманду наперад.

„Галатасарай” стаў 23-разовым чэмпіёнам Турцыі

Стамбульскі „Галатасарай” датэрмінова выйграў чэмпіянат Турцыі. Гэта 23-я перамога „львоў” у турніры. Для афармлення чарговага тытула „жоўта-чырвоныя” разграмілі супернікаў з „Анкарагюджу” — 4:1. У пераможцаў дубль аформіў Маўра Ікардзі. Па голу забілі Барыш Йылмаз і Сержыу Алівейра. У супернікаў адзначыўся бразілец Мілсан. За тур да канца чэмпіянату „львы” апярэджваюць найбліжэйшых пераследнікаў з „Фенербахчэ” на пяць ачкоў. Менавіта „канарэйкі” з’яўляюцца другімі па колькасці перамог у чэмпіянаце Турцыі — 19 разоў. Замыкае тройку лепшых каманд турніру, „Бешыкташ” (у яго 16 вікторый).

Бензема блізкі да зыходу з мадрыдскага „Рэала”

Французскі форвард Карым Бензема блізкі да зыходу з мадрыдскага „Рэала”. У 35-гадовага нападніка ёсць прапанова з Саўдаўскай Аравіі. Гульцу даюць кантракт на два сезоны з зарплатай 200 мільёнаў еўра за год з вызваленнем ад падаткаў. Таксама ў футбаліста будзе магчымасць зарабіць буйную суму ў якасці амбасадара заяўкі Саўдаўскай Аравіі, Грэцыі і Егіпта на правядзенне ЧС-2030. Кантракт Карыма Бензема з „Рэалам”, які заканчваецца ў чэрвені, павінен быць падоўжаны аўтаматычна пасля заваявання „Залатога мяча” ў кастрычніку мінулага года. Афіцыйна аб падаўжэнні пагаднення пакуль не абвешчана.

Беларускае Радыё Рацыя