І Міжнародны лідскі фестываль ультрамарафону
З 2 па 4 сакавіка ў Лідзе пройдзе І Міжнародны лідскі фестываль ультрамарафону пад назваю “Самапераадоленне”. Спаборніцтвы будуць праводзіцца на дыстанцыях у 12, 24 і 48 гадзін. Нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я, для ўдзелу ў забегу ўжо зарэгістраваліся 32 удзельнікі з Беларусі, Польшчы, Украіны і Расеі. Сярод іншых, удзел у спаборніцтве на самай доўгай (48-гадзіннай) дыстанцыі прыме і ініцыятар правядзення ультрамарафону – лідзянін Лявон Анацка.
– Гэта таксама здароўе, бо не кожны чалавек зможа гэта пераадолець. І тут неабавязкова толькі фізічныя здольнасці патрэбны: каб бегчы суткі, трэба быць задаволеным жыццём, аптымістам, шчаслівым чалавекам. І мне падаецца, што гэта трэба пашыраць. Неабавязкова мець медалі ці нейкія залатыя ўзнагароды – галоўнае, каб чалавек быў здаровы і шчаслівы, верыў у свае сілы, што ён усё гэта пераадолее. І гэта трэба неяк пашыраць. Каб трохі займацца не толькі тымі відамі спорту, якія прыносяць медалі на алімпіядзе, але трэба займацца тымі відамі, якія даюць здароўе нацыі, людзям, настрой і шчаслівае адчуванне, што чалавек можа сябе пераадолець.
Фестываль ультрамарафону ў Лідзе будзе разбіты цягам года на тры этапы. Першы этап – з 2 па 4 сакавіка, другі – з 28 па 30 верасня, трэці – з 29 па 31 снежня.
Першы этап пачынаецца ўжо 2 сакавіка ў 12 гадзін у паркавай зоне па вуліцы Янкі Купалы.
Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда