Іга Свёнтэк застаецца першай ракеткай свету
Чэмпіёнка US Open Іга Свёнтэк застаецца першай ракеткай свету. Фіналістка Онс Жабер вярнулася на лепшае ў кар’еры другое месца.
Арына Сабаленка апусцілася на адзін радок у рэйтынгу і стала 7-й. Вікторыя Азаранка за крок ад топ-20 і займае 21-ы радок. Аляксандра Сасновіч 30-я. Яна паўтарыла свой кар’ерны рэкорд.
Іспанец Карлас Алькарас узначаліў абноўлены рэйтынг АТП. Пераможца „US Open” стаў самай маладой першай ракеткай свету ў гісторыі. Іспанец пабіў рэкорд аўстралійца Лейтана Х’юіта, які стаў лідарам рэйтынгу ва ўзросце 20 гадоў і 9 месяцаў. Алькарасу зараз 19 гадоў і 4 месяцы. Беларус Ілья Івашка ўзняўся на 61-е месца ў абноўленым рэйтынгу АТП. У параўнанні з папярэдняй версіяй табліцы Ілля выйграў 12 пазіцый. Ягор Герасімаў спусціўся на 181-ы радок.
„Сумгаіт” Аляксея Багі забіў першы гол у чэмпіянаце — у шостым туры з пенальці
„Сумгаіт”, які ўзначальвае беларус Аляксей Бага, згуляў унічыю ў рамках чэмпіянату Азербайджана з „Шамахі” (1:1). Пасля шостага тура каманда беларускага спецыяліста займае 8-е месца з 10, маючы ў актыве тры ачкі. Цікава, што ў гэтай гульні „Сумгаіт” забіў толькі першы мяч у сезоне. Раней каманда разыходзілася з супернікамі безгалявой нічыёй, або прайгравала з сухім лікам.
17-гадовая цяжкаатлетка з Рагачова дыскваліфікаваная на тры гады за мельдоній
Беларуская штангістка Анастасія Фясенка (2005) не зможа выступаць на спаборніцтвах нацыянальнага календара на працягу трох гадоў, на працягу якіх будзе адбываць дыскваліфікацыю, накладзеную на яе Нацыянальным антыдопінгавым агенцтвам (НАДА). Дзяўчына была абвінавачаная ў выкарыстанні мельдонію.
Дыега Коста падпісаў кантракт з „Вулвергемптанам”
Іспанскі форвард Дыега Коста падпісаў кантракт з „Вулвергемптанам”. Пагадненне з 33-гадовым нападнікам разлічана да канца сезона, паведамляе прэс-служба клуба. Коста ўжо выступаў у прэм’ер-лізе – у складзе „Чэлсі” ён гуляў з 2014 па 2017 год. З лонданскім клубам ён двойчы выйграваў чэмпіянат. Форвард больш за паўгода знаходзіўся ў статусе свабоднага агента пасля сыходу з „Атлетыка Мінэйра” ў студзені 2022 года.
Беларускае Радыё Рацыя