Ігар Барысаў: Гэта вялікая іміджавая страта для беларускіх уладаў
Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў выказаўся пра адмену чэмпіянату свету па хакеі, пра рэакцыю беларускага рэжыму і Масквы.
Нагадаем, турнір павінен быў прайсці ў гэтым годзе ў Рызе і Менску з 21 траўня да 6 чэрвеня ў 2021 годзе. Пры гэтым Латвія яшчэ ў верасні адмовілася прымаць чэмпіянат з-за той палітычнай сітуацыі, што склалася ў Беларусі.
18 студзеня Міжнародная федэрацыя хакея прыняла перанесці чэмпіянат свету па хакеі ў іншую краіну.
Ігар Барысаў: Адмена першынства ў Менску – гэта балючы ўдар па беларускаму рэжыму, хаця і робяць выгляд, што нічога асаблівага не здарылася.
Насамрэч гэта вялікая іміджавая страта, і да гэтага рэжым мэтанакіравана ішоў працяглы час. Думаю, што пры гэтай уладзе больш ніводнае маштабнае міжнароднае спартыўнае мерапрыемства ў краіне не адбудзецца.
РР: Напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі 2014 году, які прайшоў у Менску, таксама былі заклікі адмяніць турнір з-за рэпрэсій, якія былі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 году, наяўнасці ў краіне палітвязняў, але тады першынство не адмянілі.
Ігар Барысаў: Не адмянілі таму, што шэсць гадоў таму маштабы рэпрэсій былі зусім іншыя, чым зараз. Па-другое, зараз іншы і ўзровень выспявання грамадства да пераменаў.
У грамадстве ўжо сфармавалася частка людзей, якая палітызавалася і пачала актыўна пратэставаць.
РР: Некаторыя выказваюцца, што не варта было выступаць за адмену чэмпіянату, а лепш было б, каб у Менск прыехалі замежныя турысты і журналісты і на свае вочы ўбачылі тое, што адбываецца ў краіне. Як вам такое меркаванне?
Ігар Барысаў: Не зусім пагаджуся, бо сёння мы жывём у час развіцця тэхналогій, і гэта дазваляе фактычна любому ўладальніку мабільнага тэлефона даведацца пра тое, што адбываецца ў краіне. Можна паглядзець відэа, як сілавікі збіваюць людзей, можна пачытаць пра абсурдныя беларускія суды.
Ёсць мноства сайтаў, тэлеграм-каналаў, таму журналісты і палітыкі ў пэўным сэнсе ўжо страцілі сваё прамое прызначэнне. Сёння любы можа быць журналістам ці палітыкам. І не абавязкова дзеля гэтага ехаць у Менск.
РР: Ці адкажа афіцыйны Менск на такія санкцыі з боку Міжнароднай федэрацыі хакея?
Ігар Барысаў: Не думаю, што ў Менска засталося шмат інструментаў уплыву, каб нечым сур’ёзным адказаць. Што яны зробяць? Выганяць з беларускага рынка “Шкоду”, якая адмовілася спансіраваць першынство свету, калі яно пройдзе ў Менску? Забароняць прадаваць у Беларусі касметыку “Нівеа”, якая паступіла гэтак жа, як і “Шкода”? Гэта будзе смешна і дзіка.
РР: Чаму сёння Расея актыўна падтрымлівае прапагандысцкую хвалю пра тое, што, маўляў, гэта “ворагі з Захаду” адабралі ў Беларусі чэмпіянат свету па хакеі?
Ігар Барысаў: Таму што яблыкі ад яблыні недалёка падаюць. У Маскве лічаць Беларусь расейскай тэрыторыяй з некаторымі элементамі самастойнасці. І калі гэты элемент самастойнасці спрабуюць пакрыўдзіць, то выступаюць у яго абарону. Беларусь трапляе ў прастору “рускага свету”, таму яны яе і бароняць. Ды і ў Крамлі ўлады нічым не лепшыя за беларускія.
Кастуь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя