Ігар Крывушэнка ўзначаліў футбольную зборную Беларусі
Новым галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе будзе Ігар Крывушэнка, які таксама ўзначальвае жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ”, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола” (АБФФ).
Ігар Крывушэнка змяніў Аляксандра Хацкевіча, які працаваў са зборнай Беларусі на працягу двух гадоў пачынаючы са снежня 2014-га. Пасля таго як беларускія футбалісты вельмі няўдала стартавалі ў адборачным турніры чэмпіянату свету – 2018, кіраўніцтва Беларускай федэрацыі футбола 6 снежня 2016 года скасавала кантракт з Аляксандрам Хацкевічам. У ліку кандыдатаў на пасаду галоўнага трэнера было некалькі вядомых настаўнікаў, у прыватнасці, беларускі спецыяліст Алег Конанаў, украінец Віктар Скрыпнік і расіянін Аляксандр Барадзюк, але ў выніку выбар быў зроблены на карысць Крывушэнкі.
Ігар Крывушэнка з’яўляецца выхаванцам мtнскай СДЮШАР-5. Гульнявую кар’еру ён пачаў у сталічным „Дынама”, затым выступаў у гарадзенскім „Нёмане”, лідскім „Абуўшчыку”, пасля чаго гуляў за межамі Беларусі, у прыватнасці, у якуцкім „Дынама” і „Селенге” з Улан-Удэ. На старце трэнерскага шляху Крывушэнка працаваў у магілёўскім „Тарпеда-Кадзіна”, а ў 2001 годзе ўзначаліў барысаўскі БАТЭ, з якім двойчы выйграў золата чэмпіянату Беларусі (2006, 2007). У 2008 годзе пад яго кіраўніцтвам менскае „Дынама” стала сярэбраным прызёрам нацыянальнага першынства. Перайшоўшы ў новасібірскую „Сібір”, Крывушэнка ў 2009 годзе ўпершыню вывеў яе ў элітны дывізіён чэмпіянату Расеі, а ў наступным годзе, таксама ўпершыню, каманда стала фіналістам Кубка краіны і дэбютавала ў Лізе Еўропы.
Плануецца, што 53-гадовы Ігар Крывушэнка пакуль будзе сумяшчаць работу ў зборнай краіны і жодзінскім клубе, які трэніруе з 2012 года. У мінулым сезоне тарпедаўцы ўпершыню сталі ўладальнікамі Кубка Беларусі, абыграўшы ў фінале барысаўскі БАТЭ.
Дэбют Ігара Крывушэнкі ў нацыянальнай зборнай адбудзецца 25 сакавіка ў Стакгольме, калі беларускія футбалісты правядуць адборачны матч сусветнага першынства супраць каманды Швецыі. Зборная Беларусі правяла ў 1-й кваліфікацыйнай групе 4 сустрэчы: з Францыяй – 0:0 (дома), Нідэрландамі – 1:4 (у гасцях), Люксембургам – 1:1 (дома), Балгарыяй – 0:1 (у гасцях). Турнірнае становішча: Францыя – 10 ачкоў (розніца мячоў – 7-2), Нідэрланды – 7 (8-4), Швецыя – 7 (6-3), Балгарыя – 6 (6-10), Беларусь – 2 (2-6 ), Люксембург – 1 (5-9).
У фінальную стадыю чэмпіянату свету 2018 года ад Еўропы трапяць пераможцы 9 груп. Яшчэ 4 пуцёўкі ў Расію ў матчах плэй-оф разыграюць 8 лепшых каманд з тых, хто зойме другія месцы.