Ігар Случак: Сёлета бачу, што мая праца недарэмная
Кіраўніцтвы футбольных клубаў вышэйшай лігі неўзабаве, як і летась, атрымаюць лісты з прапановаю больш шырока ўжываць у сваёй дзейнасці беларускую мову. Лісты накіраваў каардынатар грамадскай ініцыятывы “Справаводства па-беларуску” Ігар Случак. “Сёлета бачу, што мая праца недарэмная”, – кажа грамадскі актывіст.
– Я лічу, што ўсё ж гэтыя звароты прыносяць карысць. Клубы даволі добра зараз звяртаюцца да беларускай мовы, упершыню ў гэтым сезоне тры клубы выступаюць з прозвішчамі на футболках па-беларуску. У мінулым сезоне ні адной такой каманды не было. Таксама клубы пачалі даволі масава выкарыстоўваць беларускую мову ў агучванні дыктара на стадыёне, у вырабе афіш, праграмак.
Падобныя лісты Ігар Случак дасылае ўжо напачатку трэцяга футбольнага сезону. У гэтых лістах прапаноўваецца таксама зрабіць беларускамоўныя версіі сайтаў футбольных клубаў.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя
Фота by.tribuna.com