Ігар Случак звярнуўся да футбольных клубаў першай і другой лігі



Каардынатар грамадскага аб’яднання “Справаводства па-беларуску” Ігар Случак пачаў новы раўнд перамоваў з футбольнымі клубамі Беларусі адносна пашырэння выкарыстання беларускай мовы ў іх спартовай дзейнасці.

Кажа Ігар Случак:

– На гэтым тыдні даслаў гэтыя звароты з прапановамі ў клубы першай лігі беларускага чэмпіянату і другой лігі мужчынскага футбольнага чэмпіянату. А таксама ў клубы вышэйшай лігі жаночага чэмпіянату па футболе.

Ігар Случак таксама паведаміў, што ён мае планы таксама звярнуцца да баскетбольных і гандбольных беларускіх клубаў.

* * *

Футбольныя клубы з паўднёвага ўсходу Беларусі найбольш прыхільна адгукнуліся на звароты грамадскай ініцыятывы «Справаводства па-беларуску» ў справе беларусізацыі. Гэта перадусім каманды вышэйшай лігі: «Гомель», «Славія» Мазыр і «Белшына» – Бабруйск. Горш выглядае справа з камандамі з заходніх рэгіёнаў Беларусі.

Кажа каардынатар «Справаводства па-беларуску» Ігар Случак:

– У клубаў з заходніх рэгіёнаў сітуацыя нашмат горшая. Адны самых горшых клубаў у плане беларусізацыі, гэта, напрыклад, “Ліда”, “Дынама” – Берасце, “Віцебск”. Але, хацеў бы адзначыць, што хоць пакрыху, але сітуацыя паляпшаецца ў беларускім спорце, як мне здаецца.

 На мінулым тыдні Ігар Случак пачаў новы этап перамоваў з футбольнымі клубамі Беларусі адносна пашырэння выкарыстання беларускай мовы ў іх спартовай дзейнасці – звароты дасланыя ў клубы першай і другой футбольнай лігі.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя