Ігар Стасевіч другі год запар лепшы футбаліст краіны



Паўабаронца нацыянальнай зборнай і барысаўскага БАТЭ Ігар Стасевіч другі год запар прызнаны лепшым футбалістам Беларусі. Такі вынік традыцыйнага апытання, у якім прынялі ўдзел беларускія футбольныя спецыялісты і спартовыя журналісты. Ігар Стасевіч трэці раз стаў лепшым футбалістам краіны: ён таксама быў удастоены гэтага звання ў 2015-м і 2018 гадах. Сваю чарговую ўзнагароду лаўрэат атрымаў на цырымоніі падвядзення вынікаў футбольнага сезона „Зорны мяч – 2019” у Менску. Акрамя таго, 34-гадовы Ігар Стасевіч прызнаны найлепшым гульцом і паўабаронцам 29-га чэмпіянату Беларусі.

У астатніх індывідуальных намінацыях лепшымі прызнаны:

брамнік – Аляксандр Гутар з берасцейскага „Дынама”;

лепшы абаронца – Павел Рыбак з салігорскага „Шахцёра”;

нападнік – Ілля Шкурын з „Энергетыка-БДУ”. Ён жа стаў лепшым бамбардзірам 29-га чэмпіянату Беларусі, забіўшы 19 мячоў у 26 праведзеных матчах. Экс-настаўнік БАТЭ, а цяпер галоўны трэнер маскоўскага ЦСКА Віктар Ганчарэнка стаў лепшым сярод беларускіх трэнераў. Для яго гэта ўжо дзевяты падобны поспех.

«Ліверпуль» на выездзе разграміў «Лестэр Сіці»

У матчы 19-га тура англійскай Прэм’ер-лігі «Лестэр Сіці» прымаў «Ліверпуль». Сустрэча адбылася ў Лестэры на стадыёне «Кінг Паўэр» і завяршылася з лікам 4:0 на карысць гасцей. Аўтарам першага гола стаў нападнік «Ліверпуля» Раберта Фірміна, які вызначыўся на 31-й хвіліне. У сярэдзіне другога тайма перавагу мерсісайдцаў павялічыў хаўбек Джэймс Мілнэр, рэалізаваўшы пенальці. Цягам наступных сямі хвілін яшчэ па адным мячы ў браму адправілі Фірміна і абаронца Трэнт Александэр-Арнальд. «Ліверпуль», набраўшы 52 ачкі, узначальвае турнірную табліцу чэмпіянату Англіі. «Лестэр Сіці» маючы 39 займае другое месца. «Манчэстар Юнайтэд» прымаў «Ньюкасл Юнайтэд». Сустрэча прайшла ў Манчэстэры на стадыёне «Олд Трафард» і завяршылася з лікам 4:1 на карысць гаспадароў. Антані Марс’яль аформіў дубль. Лонданскі «Чэлсі» сенсацыйна прайграў «Саўтгэмптану» 2:0 на карысць гасцей.

Вяргун прызначаны галоўным трэнерам мужчынскай зборнай Беларусі

Рулявы „Цмокі-Мінск” Расціслаў Вяргун прызначаны галоўным трэнерам мужчынскай зборнай Беларусі па баскетболе. Яго кандыдатуру зацвердзіў Выканкам Беларускай федэрацыі баскетбола. На гэтай пасадзе Расціслаў Вяргун замяніў Аляксандра Круцікава, які кіраваў камандай з 2015 года. Таксама ў трэнерскі штаб нацыянальнай каманды як асістэнт увайшоў Андрэй Крыванос. Трэнерам па агульнай фізічнай падрыхтоўцы будзе працаваць польскі спецыяліст Войтэк Валіх, адзначае прэс-служба федэрацыі.

Беларускія гандбалісты выправіліся на турнір у Польшчу

Гандбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі адправіліся на міжнародны турнір у польскі Тарнув, які стане заключнай праверкай сіл перад чэмпіянатам Еўропы-2020. Перад выездам у Польшчу беларускія гандбалісты з 19 па 25 снежня правялі трэніравальны збор у менскім Доме гандбола. У Тарнуве супернікамі беларусаў будуць нацыянальная зборная Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў,  зборная Іспаніі і нацыянальная зборная Польшчы. Пасля завяршэння беларусы вернуцца ў Менск, а 7 студзеня выправяцца на еўрапейскае першынства. У канчатковую заяўку на Чэмпіянат Еўропы ўвойдуць 18 гандбалістаў. Матчы фінальнай стадыі 14-га па ліку мужчынскага чэмпіянату Еўропы пройдуць з 9 па 26 студзеня на арэнах Аўстрыі, Нарвегіі і Швецыі. Беларуская зборная на першым этапе згуляе ў групе А ў аўстрыйскім Грацы разам з камандамі Сербіі, Чарнагорыі і Харватыі.

Чатыры прадстаўнікі Беларусі згуляюць у Матчы зорак КХЛ

Беларусь на Матчы зорак КХЛ будзе прадстаўлена рэкордным лікам хакеістаў, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на афіцыйны сайт Федэрацыі хакея Беларусі. Апроч Іллі Шынкевіча, Крысціяна Хенкеля і Вячаслава Грэцкага ў Маскву паедзе абаронца „Трактара” Нік Бэйлен, якога абрала ліга. Гэта рэкордная колькасць прадстаўнікоў Беларусі, якія адначасова прымаюць удзел у Матчы зорак КХЛ. Таксама стала вядома, што на Матчы зорак экс-галкіпера мінскага „Дынама” Юнаса Энрата заменіць брамнік „Лакаматыва” Ілля Канавалаў, які заняў трэцяе (пасля Энрата і Сарокіна) месца ў галасаванні заўзятараў. Матч зорак КХЛ адбудзецца на лёдзе маскоўскай „ВТБ Арэны” 19 студзеня, на дзень раней пройдзе майстар-шоу.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя