Ігар Стасевіч і Станіслаў Драгун прапусцяць матч БАТЭ – ЦСКА
Як пацвердзіў pressball.by галоўны трэнер БАТЭ Кірыл Альшэўскі, паўабаронцы Станіслаў Драгун і Ігар Стасевіч не паляцяць у Балгарыю на матч другога кваліфікацыйнага раўнду Лігі Еўропы. Раней у абодвух было падазрэнне на каронавірус. 15 верасня каманда здавала тэсты, іх вынік пакуль невядомы. Аднак напярэдадні ў Драгуна і Стасевіча некалькі пагоршылася самаадчуванне, таму адпаў сэнс у тэставанні. Драгун і Стасевіч знаходзяцца дома на ізаляцыі. Такім чынам 17 верасня БАТЭ прыйдзецца біцца за пуцёўку ў наступны раўнд турніру без двух сваіх лідараў.
Беларус Яўген Каштанаў узначаліў ўкраінскіх „Ледзяных Ваўкоў”
Беларускі спецыяліст Яўген Каштанаў прызначаны новым галоўным трэнерам украінскіх „Ледзяных Ваўкоў”. Апошнім месцам працы настаўніка быў ХК „Віцебск”, які Каштанаў пакінуў летам гэтага года. У першым раўндзе плэй-оф гэтага сезону кіяўляне ў трох матчах саступілі „Беламу Барсу”. У верасні ў УХЛ прынялі рашэнне прыпыніць чэмпіянат з-за ўспышкі каронавіруснай інфекцыі ў лізе.
Валейбалісты салігорскага „Шахцёра” ў паўфінале чэмпіянату Беларусі абыгралі „Энергію”
Валейбалісты салігорскага „Шахцёра” ў паўфінале чэмпіянату Беларусі абыгралі гомельскую „Энергію” – 3:0 (25:20, 25:23, 25:10). Супернік „гарнякоў” па вырашальнай сустрэчы вызначыцца ў вячэрнім супрацьстаянні менскага „Будаўніка” і „Легіёна” з Абухова. Уваход для заўзятараў на трыбуны „Чыжоўка-Арэны” падчас матчаў не абмежаваны.
Мазырская „Жамчужына Палесся” выйшла ў фінал чэмпіянату Беларусі па валейболе сярод жаночых каманд. Падапечныя Міхаіла Каваленкі ў трох партыях абыгралі магілёўскі „Камунальнік-МДУ” – 3:0 (25:19, 25:18, 25:13). Супернік мазыранак вызначыцца ў проціборстве „Мінчанкі” і берасцейскага „Прыбужжа”.
Чэмпіянат свету па хакеі з мячом адменены
Федэрацыя хакея з мячом Расеі пацвердзіла, што чэмпіянат свету-2020, які павінен быў прайсці ў Іркуцку, адменены. „У сувязі з забаронай на правядзенне міжнародных спаборніцтваў на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі і рэкамендацыямі Міністэрстваў замежных спраў краін-удзельніц, Міжнародная федэрацыя бэндзі (FIB) прыняла рашэнне аб адмене XL чэмпіянату свету па хакеі з мячом сярод мужчынскіх каманд у Іркуцку”, – гаворыцца ў афіцыйным прэс-релізе.
Турнір сярод каманд групы „А” павінен быў прайсці з 5 да 11 кастрычніка 2020 года.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя