Ігар Стасевіч прызнаны найлепшым гульцом 8-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі



Паўабаронца барысаўскага БАТЭ Ігар Стасевіч прызнаны найлепшым гульцом 8-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі па версіі асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола».

Капітан барысаўскай каманды ў гасцявым пераможным матчы са «Смалявічамі» забіў адзін гол і двойчы асіставаў партнёрам пры яшчэ двух ўзяццях брамы супернікаў. У папярэднім туры лепшым гульцом быў названы форвард жодзінскага «Тарпеда-БелАЗа» Валерый Гарбачык. Матчы 9-га тура чэмпіянату Беларусі запланаваны на 15-17 траўня.

Футбалісткі «Дынама-БДУФК» разграмілі «Днепр» у матчы жаночага чэмпіянату Беларусі

Футбалісткі менскага «Дынама-БДУФК» разграмілі магілёўскі «Днепр» з лікам 7:0 у апошнім матчы 2-га тура жаночага чэмпіянату Беларусі па футболе. У гасцявым паядынку ў складзе мянчанак галявы покер аформіла Салімта Сімпорэ. Яшчэ па мячу ў браму магіляўчанак забілі Анастасія Шлапакова, Вікторыя Казакевіч і Карына Альховік. На старце новага першынства «Дынама-БДУФК» з тым жа лікам 7:0 перайграла футбалістак юніёрскай зборнай Беларусі (U-19). Таксама дзве вікторыі ў актыве яшчэ дзвюх каманд. Дзейныя чэмпіёнкі краіны з ФК «Менск» у 2-м туры былі мацнейшыя за выхаванак Берасцейскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву – 8:0. Хет-трык у свой актыў запісала Чыома Вогу. Бронзавы прызёр мінулага першынства гарадзенскі «Нёман» сваю другую перамогу святкаваў у гасцях ва ўладальніц срэбраных узнагарод з менскага клуба «Зорка-БДУ» – 1:0. Яшчэ ў адной сустрэчы 2-га тура юніёрская зборная адолела футбалістак «Бабруйчанкі» з лікам 4:3. Пасля двух тураў па 6 ачкоў з 6 магчымых набралі «Менск», «Дынама-БДУФК» і «Нёман».

«Беларусь 5» пакажа ў прамым эфіры турнір UFC Fight Night 173

Тэлеканал «Беларусь 5» ноччу 14 траўня ў прамым эфіры пакажа турнір UFC Fight Night 173, падчас якога адбудзецца вяртанне беларускага байца Андрэя Арлоўскага ў вялікі Актагон. Супернікам Андрэя Арлоўскага стане бразільскі цяжкавагавік Філіпэ Лінс, на рахунку якога ў легендарным прамоўшане – 14 перамог і 3 паразы. 41-гадовы баец за прафесійную кар’еру правёў 47 баёў, святкаваў перамогу ў 28 з іх. Арыентавана ў гадзіну ночы байцы зʼявяцца на арэне. Для зручнасці заўзятараў бой Арлоўскі – Лінс тэлеканал «Беларусь 5» пакажа 14 траўня паўторна ў запісе: раніцай – у 9.35 і вечарам – у 19.50. Каментаваць турнір на «Беларусь 5» будуць Арташэс Антанян і шматразовы чэмпіён свету па тайландскім боксе і кікбоксінгу Аляксей Кудзін.

Хакей. Міхаіл Карнаухаў цікавы новакузнецкаму «Металургу»

Беларускі галкіпер Міхаіл Карнаухаў трапіў у сферу інтарэсаў навакузнецкага «Металурга», які выступае ў ВХЛ. Інфармацыю перадае belarushockey.com. «Кузня» ужо падпісала першага пачаткоўца ў міжсезонне. Ім стаў расейскі брамнік Эдуард Рейзвіх. Карнавухаў ў мінулым сезоне КХЛ правёў 12 матчаў за менскае «Дынама» пры каэфіцыенце надзейнасці 3,57 і 88% адбітых кідкоў.

Хакеіст Дзмітрый Мялешка вылечыўся ад COVID-19

Хакеіст Дзмітрый Мялешка вылечыўся ад каронавірусу і вярнуўся дадому. Пра гэта паведаміла ягоная жонка Надзея. Нагадаю, што аб станоўчым выніку тэсту на COVID-19 у хакеіста стала вядома 21 красавіка. Неўзабаве яго жонка Надзея Мялешка паведаміла, што ў гульца спала тэмпература, але стан лёгкіх пагоршыўся. Лячэнне ад каронавірусу ў выніку падоўжылася каля трох тыдняў. Мялешка ў нядаўнім мінулым быў хакеістам зборнай Беларусі і менскага «Дынама». Цяпер ён выступае за каманду прэзідэнта ў аматарскіх рэспубліканскіх спаборніцтвах. Тэсты былі ўзятыя ва ўсёй сямʼі хакеіста і былі адмоўнымі.

Афіцыйна: у Англіі дазволілі праводзіць футбольныя матчы з 1 чэрвеня

Падобна на тое, што футбол у Англію вернецца раней за чаканы тэрмін. Напярэдадні стала вядома, што гуляць камандам дазволілі з 12 чэрвеня, але затым урад краіны агучыў больш раннюю дату – 1 чэрвеня. Як адзначаецца, брытанскія ўлады падрыхтавалі праект паступовага выхаду з каранціну, і адзін з пунктаў прадугледжвае дазвол з 1 чэрвеня масавых мерапрыемстваў, у тым ліку спартовых без гледачоў, каб пазбегнуць «буйнамаштабных сацыяльных кантактаў», але з магчымасцю тэлетрансляцый. Такім чынам, у каманд зʼяўляецца магчымасць праводзіць матчы чэмпіянату краіны пры пустых трыбунах.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: БелТА