Ігнацік выйшаў у асноўную сетку тэніснага турніру ў Спліце



Беларускі тэнісіст Уладзімір Ігнацік, які мае 353-ці нумар сусветнага рэйтынгу, прабіўся ў асноўную сетку турніру серыі „Чэленджэр” у харвацкім Спліце.

У другім кваліфікацыйным раўндзе беларус адолеў ў двухсэтавым паядынку прадстаўніка кітайскага Тайбэя Ву Тун-Ліна  – 7:6 (7: 1), 6:3. На старце кваліфікацыі Уладзімір Ігнацік без праблем перайграў нідэрландскага тэнісіста Міка Вельдхеера  – 6:1, 6:3. Сёння ў 1/16 фіналу супернікам беларускага тэнісіста будзе аўстраліец Алекс Болт, які мае 185-ы радок сусветнага рэйтынгу.

Яшчэ адзін беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў паспяхова стартаваў на турніры ў італьянскім Кальяры з прызавым фондам 408,8 тысяч еўра. У паядынку першага раўнда адзіночнага разраду беларус, які займае 80-е месца ў сусветным рэйтынгу, абыграў у двух партыях аргентынца Гвіда Пелью, у якога 48-я пазіцыя, – 6:4, 6:0.

Дзмітрый Іваноў заняў 10-е месца на чэмпіянаце Еўропы ў Маскве

Беларускі цяжкаатлет Дзмітрый Іваноў заняў 10-е месца на чэмпіянаце Еўропы, які праходзіць у Маскве, з сумай двубор’я 285 кг (130 у рыўку + 155 у штуршку). Па выніках рыўка ён заняў 10-е месца. Па выніках штуршка — 11-е. Чэмпіёнам Еўропы стаў турак Мухамед Азбек з сумай 323 кг.

Пунтус першым дабраўся да адзнакі 500 матчаў у вышэйшай лізе ў якасці галоўнага трэнера

Спецыяліст Юрый Пунтус першым дабраўся да адзнакі 500 матчаў у вышэйшай лізе ў якасці галоўнага трэнера. У элітным дывізіёне ён кіраваў пяццю клубамі – барысаўскім БАТЭ, сталічным МТЗ-РІПА, берасцейскім «Дынама», мазырскай «Славіяй» і жодзінскім «Тарпеда-БелАЗам».  Услед за Пунтусам па ліку матчаў у чэмпіянатах размясціліся Валеры Стральцоў – 366, Сяргей Саладоўнікаў – 356, Анатоль Юрэвіч – 325, Вячаслаў Акшаеў — 321 ды Ігар Кавалевіч – 308, паведамляе «Прессбол».

«Барселона» на апошніх хвілінах вырвала перамогу ў матчы з «Вальядалідам»

У матчы 29-га тура іспанскай Прымеры «Барселона» прымала «Вальядалід». Сустрэча праходзіла на стадыёне «Камп Ноў» у Барселоне і завяршылася з лікам 1:0.  На працягу ўсяго матчу «Барселона» валодала гульнявой перавагай. У першым тайме сіне-гранатавыя стварылі некалькі галявых момантаў, але рэалізаваць іх не здолелі. У другім тайме гаспадары нарасцілі ціск і мелі яшчэ некалькі шанцаў вызначыцца. Рэалізаваць атрымалася толькі адзін з момантаў – на 90-й хвіліне пераможны і адзіны гол каталонцаў забіў Усман Дэмбеле.

З 79-й хвіліны «Вальядалід» гуляў у меншасці.  «Барселона», набраўшы ў 29 матчах 65 ачкоў, займае другое месца ў турнірнай табліцы. У актыве мадрыдскага «Рэала», які ідзе на трэцім месцы, 63 ачкі. Лідыруе ў чэмпіянаце «Атлетыка», у якога 66 балаў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: pressball.by