Ілля Івашка перамог Кема Ілкеля на турніры ў Турцыі
Беларускі тэнісіст Ілля Івашка перамог турка Кема Ілкеля ў матчы 1/8 фіналу турніру ў Стамбуле з прызавым фондам 104 160 даляраў – 6:2, 6:2. Наступным супернікам Івашка стане Зміцер Папко з Казахстана (173 АТП).
Зборная Беларусі апусцілася на 90-ы радок рэйтынгу ФІФА
ФІФА на афіцыйным сайце абнавіла рэйтынг нацыянальных каманд. Зборная Беларусі страціла тры пазіцыі і апусцілася на 90-е месца з 1273 ачкамі. Першае месца захавала зборная Бельгіі, другі радок займае Францыя, замыкае тройку Бразілія.
Жаночая каманда „Менска” згуляе з латвійскім РФШ у 1-м адборавым раўндзе Лігі чэмпіёнаў
Па выніках лёсавання, якое прайшло ў швейцарскім Ньёне, у першым адборавым раўндзе жаночай Лігі чэмпіёнаў-2020/21 футбольный клуб „Менск” згуляе з латвійскім РФШ з Рыгі. Сустрэча пройдзе 3 ці 4 лістапада ў Менску, пераможца атрымае пуцёўку ў другі адборавы раўнд.
Найлепшы беларускі шахматыст Уладзіслаў Кавалёў звольнены са зборнай за сваю пазіцыю
Лепшы беларускі шахматыст 26-гадовы гросмайстар Уладзіслаў Кавалёў падпісаў адкрыты ліст спартоўцаў супраць гвалту і за сумленныя выбары. Таксама ён адмовіўся падпісваць дадатковае пагадненне да кантракту з РЦАП па шашках і шахматах, за што быў звольнены з нацыянальнай зборнай, і зняўся з чэмпіянату краіны.
„Я заўсёды быў апалітычны. Ды і цяпер нічога палітычнага, па сутнасці, няма. Гэта проста рэакцыя нармальнага чалавека на тое, што адбываецца вакол. Гэта першыя выбары, у якіх я прымаў удзел. На жаль, прайшлі яны з вялікімі парушэннямі. Пра гэта кажа мноства фактаў. Але тое, што адбылося пасля іх, – нармальнаму чалавеку цяжка зразумець. Вельмі цяжка было ўсведамляць, што ў нашай краіне да мірных людзей прымяняецца такі гвалт. Прычым дайшло да таго, што паднялі руку на старых. Мяне глыбока ўзрушылі кадры, на якіх людзі ў чорным распыляюць газ бабулям у вочы”, – сказаў Кавалёў.
У хакейным клубе „Хімік” успышка каронавірусу
У сувязі з немагчымасцю наваполацкага „Хіміка” прыняць удзел у матчах беларускай экстралігі „Б” супраць „Ліды” (23 і 30 кастрычніка) і зборнай Беларусі (U-18) (28 кастрычніка) названыя сустрэчы не адбудуцца. Камандзе будуць залічаны тэхнічныя паразы, – паведамляе hchimik.hockey.by. „Хімік”, у якім успышка каронавірусу, зараз займае першае месца ў турнірнай табліцы экстралігі „Б” з 29 ачкамі.
Беларускае Радыё Рацыя